Поўны адказ сістэмы кіравання


Паніхіда па загінулых падчас катастрофы 19 траўня лётчыках адбылася ў храме ў Баранавічах. Той самы палёт выконвалі 33-гадовы маёр Андрэй Нічыпорчык і 22-гадовы лейтэнант Мікіта Куканенка. Увесь дзень мясцовыя жыхары прыходзяць у царкву, каб ушанаваць іхную памяць. Жыхары Баранавічаў пра трагедыю:

«Нягледзячы на тое, што яны маладыя, не захапілі гэтага патрыятычнага выхавання савецкага, і тым не менш, жыццё сваё аддалі за свой народ».

«Вечная памяць ім і нам, жыхарам, гэта памяць будзе ў нашых сэрцах, пакуль мы жывыя».

«Мікіта вучыўся разам з маім унукам, таму я прыйшоў ускласці кветкі і ўшанаваць іхную памяць».

Дзяржаўная камісія, якая вывучае чорныя скрыні з месца трагедыі, паведаміла першыя звесткі. Згодна з імі, аварыйная сітуацыя адбылася ў гарызантальным палёце самалёта Як-130 над аэрадромам «Баранавічы». Папярэдняя прычына – адказ сістэмаў кіравання. Ад моманту аварыі да падзення самалёта прайшло трохі больш за хвіліну.

«Кіраўнік палётаў не менш за дзесяць разоў у эфір даў каманду: «Катапультуйся! Скачы!» У гэты час самалёт перайшоў у некіраваны хаатычны рух, і яго траекторыя пачала схіляцца налева, г. зн. у бок гораду. Экіпаж не пакінуў самалёт, працягваў змагацца», – пракаментаваў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Ігар Голуб.

Прычыны і наступствы катастрофы ў Баранавічах абмеркавалі і на паседжанні ў Палацы незалежнасці. Лукашэнка назваў загінулых лётчыкаў сапраўднымі героямі і даручыў старшыні Савету Рэспублікі Наталлі Качанавай прасачыць, каб іхныя сем’і атрымалі належную дапамогу і не засталіся пакрыўджаныя. А старшыню КДБ Лукашэнка наказаў, цытата, «выявіць мярзотнікаў», якія пісалі пра трагедыю негатыўныя каментары на дэструктыўных рэсурсах.

«Адзін, другі, трэці, чацвёрты ўзроўні ўпраўлення адмовілі, немагчыма было рэагаваць. Застаўся рэзервавы ўзровень. Які працаваў з жудаснымі перабоямі, але які даў магчымасць пілотам адвесці самалёт ад яшчэ большых бедаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

На думку вайсковага эксперта Вадзіма Лукашэвіча, магчымасцяў уплываць на траекторыю падзення ў пілотаў амаль што не было. Маўляў, без аўтаматычнай сістэмы кіравання самалёт становіцца проста кавалкам жалеза, які ўжо нікуды і ніяк скіраваць немагчыма. Таксама ў эксперта выклікае пытанне версія, нібыта абодва пілоты адмыслова сядзелі ў самалёце да канца.

«Адзін пілот, які мае меншую кваліфікацыю, павінен катапультавацца адразу, а вось гэтыя ўсе спробы аднавіць кіраванне ці нешта зрабіць з самалётам, які згубіў кіраванне, павінен зрабіць другі пілот – больш дасведчаны, інструктар», – лічыць авіяцыйны эксперт Вадзім Лукашэвіч.

Фармаванне авіяцыйнай эскадрыллі на базе самалётаў Як-130 на Лідскай штурмавой авіябазе, якой належаў самалёт, пачалося ў 2015 годзе. З таго часу Міністэрства абароны Беларусі набыло 12 самалётаў Як-130 у расейскай «Карпарацыі «Іркут». Тагачасны міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў заяўляў пра, цытата «найвышэйшы клас надзейнасці і вялізную перспектыву прымянення» Якаў. У прэс-цэнтры «Карпарацыі «Іркут» каментаваць катастрофу ўласнага самалёта па тэлефоне адмовіліся.

Пасля паніхіды ў храме адбылася цырымонія развітання на баранавіцкім аэрадроме. Целы адправілі на месца службы пілотаў – у Ліду, дзе заўтра іх пахаваюць.

Ірына Карніенка, Белсат