Некаторых затрымлівалі з кувалдамі і са шчытамі. У Беларусі – новая хваля рэпрэсіяў


Геаграфія рэпрэсіяў у Беларусі пашыраецца штодня. З раніцы стала вядома, што яшчэ пазаўчора быў затрыманы барысаўскі сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Леднік. Паводле партыйцаў, дамоў да Ледніка, які мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам, прыехаў аўтамабіль з гарадзенскімі нумарамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Затрыманы напярэдадні разам з паплечнікамі намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч перабывае ў СІЗА КДБ: пра гэта ў сацыяльных сетках паведамілі ягоныя родныя. Агулам пасля ўчорашніх ператрусаў у офісах незалежных прафсаюзаў меркавана затрыманыя 14 актывістаў. Падчас аднаго з такіх ператрусаў у офісе Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці прысутнічаў і Сяргей Чэрачэнь: палітык прыехаў усяго за некалькі хвілінаў да ўварвання кадэбэшнікаў, каб сустрэцца са старшынём РЭП Генадзем Фядынічам. Апошняга таксама змясцілі ў СІЗА КДБ, папярэдне затрымаўшы на 72 гадзіны.

Сяргей Чэрачэнь, кіраўнік БСДГ:

«Забеглі рабяты, у балаклавах, у спецадзенні, потым вывелі ўсіх у калідор і паставілі ўсіх да сценкі рукамі ўверх».

Кіраўнік Грамады і былы кандыдат на прэзідэнта кажа, што сілавікі не хавалі таго факту, што ператрусы і распачатая крымінальная справа здзяйсняюцца ў сувязі з падзеямі апошніх прэзідэнцкіх выбараў і падтрыманнем прафсаюзнымі арганізацыямі стачак. Пра недапушчэнне гарачага жніўня 2020-га напярэдадні казаў і Лукашэнка:

«У мяне дастаткова сілаў і сродкаў і ў тых рабятаў, якія стануць побач – і мы знясём галовы любому, хто сёння хоча парушыць мір і спакой у нашай краіне».

Падчас міністэрскай нарады Лукашэнка паведаміў, што неабходна ўзмацніць ролю пракуратуры і іншых унутраных органаў. На ёй з вуснаў генпракурора Андрэя Шведа прагучалі нараканні на следчых. Маўляў, тыя сабатуюць расследаванне палітычных справаў.

Палітолаг Валеры Карбалевіч:

«Версіі пра тое, што, маўляў, вось гэтая машына рэпрэсіўная працуе на аўтамаце, без усялякіх жорсткіх і моцных імпульсаў зверху, яна, насамрэч, несапраўдная. Насамрэч, менавіта імпульсы зверху, з палітычнага верху ад самога Лукашэнкі, ёсць галоўным рухавіком дзеяння гэтай рэпрэсіўнай машыны».

З кувалдамі і са шчытамі – як пры затрыманні асабліва небяспечных злачынцаў – прыехалі сёння сілавікі да галоўнай рэдактаркі незалежнага выдання «Новы час» Аксаны Колб. Яе забралі на допыт у Следчы камітэт, пасля чаго змясцілі ў ІЧУ на 10 содняў.

Віталь Бабін, «Белсат»