Беларусь і Расея апынуліся пад транспартнай блакадай


Транспартны сектар у Беларусі пакуль яшчэ не асвоіўся ў новай рэальнасці – беларускія кампаніі не могуць працаваць у Еўрапейскім Звязе. Вынятак складае толькі перавоз харчоў і медыкаментаў – пры наяўнасці асобнага дазволу. У адказ на захады супраць рэжыму Лукашэнкі еўрапейскія перавознікі былі істотна абмежаваныя на тэрыторыі Беларусі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Эканаміст Леў Марголін тлумачыць:

«Яны абмежавалі адлегласць, на якую можна заязджаць еўрапейскім перавознікам, 50 кіламетрамі, а фактычна ідзе гаворка толькі пра транспартна-лагістычныя цэнтры. Гэта, я думаю, балюча ўдарыць па ўсёй беларускай эканоміцы. Бо, як той казаў, «гладко было на бумаге, да забыли про овраги». Фактычна, магчымасцяў гэтых транспартна-лагістычных цэнтраў не хопіць, каб перагружаць гэтыя аўтамабілі».

Усе транспартна-лагістычныя цэнтры на межах Беларусі і Еўразвязу належаць блізкім да Лукашэнкі бізнесоўцам. Адпаведна, рэжым і ў такой сітуацыі найперш клапоціцца пра сваю асабістую кішэню, а не пра паступленні ў бюджэт. Да таго ж, маніпуляцыі з перагружваннем і зменай прычэпаў істотна падвысяць кошты перавозу. Гэта сур’ёзна перашкодзіць рэалізацыі ранейшага плану падкантрольных уладам кантрабандных паставак у Беларусь і Расею, лічыць палітолаг Аляксандр Марозаў:

«Бізнес абыходу санкцыяў паспяхова функцыянаваў пасля 2014 года. Санкцыі ўводзіліся, і вакол іх узнік бізнес для іх абыходу. Але сітуацыя была прынцыпова іншая, чым сёння. Бо сёння ступень кантролю за абыходнымі манеўрамі Крамля зусім іншая, чым яна была ў 2014–2021 гадах».

У Расеі ўжо кошт на дастаўку грузаў з Еўропы вырас практычна ўтрая. У дадатак да абмежавання аўтаперавозу, расейскім караблям было забаронена ўваходзіць у парты краінаў Еўразвязу. Для Крамля гэта азначае не толькі эканамічныя праблемы, але і сацыяльныя наступствы – дадае Аляксандр Марозаў:

«У гэта ўцягнутыя, без усялякага перабольшання, мільёны асобаў. Бо гэта не толькі кіроўцы-дальнабойнікі, і не толькі маракі, якія плаваюць на гандлёвых караблях. Але гэта датычыць і хабаў, што размяркоўваюць прывезены тавар. Таму праблемы будуць і ў тых людзей, якія там працуюць. І ў малога бізнесу, што дастаўляе тавар канкрэтнаму спажыўцу. Гэта вельмі маштабны ланцужок».

У добрыя часы беларускі бюджэт атрымліваў ад экспарту транспартных паслугаў да двух мільярдаў долараў на год. Цяпер гэтая крыніца паступлення валюты ў бюджэт будзе практычна цалкам знішчаная. Акрамя таго, істотна ўзрастуць кошты на тавары, што пастаўляліся з-за мяжы.

«Я, напрыклад, ведаю адно прадпрыемства, якое займаецца вытворчасцю розных дадаткаў для будаўнічых матэрыялаў, сумесяў і гэтак далей. Яно вазіла кампаненты з Італіі. Цяпер яму прапанавалі тыя ж самыя кампаненты везці ў Беларусь, але праз Турцыю, Азербайджан, Расею і гэтак далей. І кошты адразу ўзраслі ўтрая. І гэта будзе адбывацца з вельмі шмат якімі прадпрыемствамі», – кажа Леў Марголін.

У той жа момант, Кітай ужо адкрыў чыгуначны маршрут у Еўропу ў абыход Расеі. Ён праходзіць праз Казахстан, Азербайджан, Румынію, Вугоршчыну, Славаччыну і Чэхію. Гэта – яшчэ адзін удар па эканоміцы Масквы і Менску.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»