Судовыя рэпрэсіі ў аўторак: крымінальныя выракі для матуль ды зняволенне


Маці траіх дзяцей Ганна Сунгурава з Менску атрымала тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсце. Жанчына дапамагала развозіць людзей пасля мітынгаў і пасля выхаду з Акрэсціна.

«Мы ж выходзілі і ўсяго толькі выказвалі свой пункт гледжання. За гэта судзіць людзей? Толькі ў нашай краіне, напэўна, такое магчыма», – абураецца Ганна Сунгурава.

Ганну затрымалі 25-га верасня пасля ператрусу. Тады сканфіскавалі два камп’ютары і тэлефон. Да суда жанчыну ўтрымлівалі ў ізалятары.

«Несправядліва, але я вельмі задаволеная, што дачка на волі, а там ужо будзем вырашаць праблемы ў парадку іх паступлення», – падзялілася маці Ганны Анжэла Юркевіч.

Яшчэ адной маці – дваіх няпоўнагадовых дзяцей – далі паўтара года «хатняй хіміі». Настассю Каламейчанку з Горадні абвінавацілі ў нібыта абразе ў сацыяльных сетках прапаршчыка міліцыі Дарʼі Бандарчук. Настасся абуралася пад допісам у «Інстаграме», што амапаўка збіла сталую жанчыну Марыну Палікарпаву. Раней спадарыня Марына атрымала два гады «хатняй хіміі» за нібыта гвалт супраць Дарʼі Бандарчук.

Яшчэ адзін прысуд за абразу ў сацсетках – два гады «хатняй хіміі». Дзмітрый Чахута з Менску пракаментаваў фота з міліцыянтам Уладзіславам Шукайлам у тэлеграм-чаце «Каратели Беларуси» словамі «Пазыўны дрышч».

Сёння і не без больш жорсткіх выракаў. Тры гады калоніі атрымаў палітычны вязень Аляксандр Геджадзэ, які 12-га кастрычніка перавёз апоны, з якіх на дарозе ў менскім жылым комплексе «Каскад» збудавалі барыкады. Абвінавачаны прызнаў, што перавозіў апоны, але на судзе дадаў, што не ведаў, як іх будуць выкарыстоўваць.

Працягваецца суд над Ціханам Восіпавым з Менску адразу паводле трох артыкулаў: «Замах на забойства вайскоўцаў», «Удзел у пратэсце» і «Загадзя ілжывы данос». Паводле следства, уначы 10-га жніўня хлопец наехаў на пяцярых вайскоўцаў, пасля ўтапіў аўта і заявіў у міліцыю пра згон. Ціхан прызнаў віну толькі ў ілжывым даносе. Пракурор запрасіў 12 гадоў калоніі. Прысуд абвесцяць 26-га красавіка.

Пад судовыя рэпрэсіі трапляюць і цэлымі семʼямі. Гэтак, муж і жонка Сяргей Ярашэвіч і Антаніна Канавалава – на лаве падсудных за нібыта рыхтаванне да ўдзелу ў масавых беспарадках. Яны ўдзельнікі тэлеграм-чату «Армия с народом», як і яшчэ тры абвінавачваныя: актывіст «Народнай грамады» Сяргей Спарыш, Яўген Прывалаў і былы міліцыянт Сяргей Каршуноў. Усім пяцярым пагражае да васьмі гадоў зняволення. Сёння адбылося першае паседжанне. Муж і жонка віны не прызнаюць. Іхных дзяцей бабуля вывезла за мяжу, каб улады не забралі ў дзіцячы дом.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»