Суд не задаволіў апеляцыю пракурораў у справе Кацярыны Барысевіч


«Празмерна мяккі» прысуд, як сцвярджала пракуратура, – 6 месяцаў зняволення і 100 базавых велічыняў штрафу – застанецца ў сіле. Менскі гарадскі суд адмовіўся павялічваць турэмны тэрмін Кацярыне Барысевіч. Апеляцыю пракуратуры пакінулі без задавальнення. А гэта значыць, што праз месяц журналістка TUT.BY мае выйсці на волю.

Менскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю на вырак журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч. Перагляду запатрабавала сталічная пракуратура, бо палічыла прысуд занадта мяккім. Тым не менш тэрмін зняволення судовая калегія пакінула ранейшым – 6 месяцаў.

«Як мінімум мы радыя, што апеляцыйны пратэст пракурора не задаволены», – кажа адвакат Міхаіл Баднарчук.

Паседжанне традыцыйна для палітычных справаў апошніх месяцаў прайшло ў закрытым рэжыме. Прысутнічаць у зале суда дазволілі толькі падчас абвяшчэння пастановы.

«Я была гатовая да любога развіцця падзеяў. Але, натуральна, пасля гэтага прысуду адчула нейкую палёгку, як бы парадаксальна ні гучала гэта ў існай сітуацыі. Але мы радыя, што хаця б 19 траўня Каця будзе на волі», – гаворыць галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава.

Кацярына Барысевіч у працэсе брала ўдзел праз відэасувязь. Журналістка цяпер у следчай турме Жодзіна, дзе, магчыма, і застанецца цягам апошняга месяца зняволення, калі яе не адправяць этапам.

«Сам этап доўжыцца каля тыдня. Яшчэ каля трох тыдняў каранціну ў Гомлі ў калоніі. Таму, я думаю, не будзе сэнсу яе накіроўваць на такі кароткі тэрмін», – мяркуе адвакат Андрэй Мачалоў.

Адвакаты Кацярыны Барысевіч таксама падалі апеляцыйную скаргу: яны настойваюць на невінаватасці журналісткі.

Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада за грамадска значны артыкул, які на падставе медычных дакументаў даказаў, што ў крыві забітага Рамана Бандарэнкі не было алкаголю. Пакарала журналістку за нібыта раскрыццё медычнай таямніцы суддзя Святлана Бандарэнка.

«Гэтага нічога не павінна быць – ні затрымання, ні крымінальнай справы. Таму што Каця ні ў чым не вінаватая», – кажа Марына Золатава.

Беларуская асацыяцыя журналістаў па-ранейшаму асуджае вырак у «справе нуль праміле». І патрабуе вызваліць Кацярыну Барысевіч і астатніх адзінаццаць прадстаўнікоў медыяў. А таксама спыніць пераслед СМІ.

Тым часам арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» назвала Беларусь самаю небяспечнаю краінай у Еўропе для працы журналістаў. У Сусветным індэксе свабоды прэсы Беларусь апусцілася на 5 радкоў і цяпер займае 158-е месца са 180.

«Крытычна настроеныя журналісты і блогеры зазнаюць пагрозы, гвалт, а таксама арышты. Ёсць выпадкі адключэння інтэрнэту, блакавання галоўных навінавых сайтаў. Друкаваныя СМІ падвяргаюцца цэнзуры, а доступ да інфармацыі абмежаваны», – гаворыцца ў справаздачы па Беларусі.

Чаму ўлады ваююць з незалежнаю журналістыкаю, мы запыталі жыхароў Берасця.

«Баяцца страціць сваё месца цёпленькае».

«Гэта ж пракляты бальшавізм. Ён ідзе з тых часоў. Гэта ж бандыты. Прыйшлі бандыты да ўлады. І што вы хочаце?»

«А каго любіць нашая ўлада? Можа, толькі сябе. Не паважаюць ні нашыя думкі, ні нашыя жаданні, ні вас. А вы гаворыце праўду».

«Журналісты – героі ў нашай краіне. І дзякуй ім вялікі за тое, што яны такія героі».

Яшчэ адна апеляцыя ў справе пакарання журналістаў за выкананне прафесійнага абавязку адбудзецца ў пятніцу. Але гэтым разам ініцыятарам выступае абарона, а не дзяржаўны абвінаваўца. У Менскім гарадскім судзе разгледзяць скаргу на вырак Фрунзенскага суда, які пакараў нашых каляжанак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову двума гадамі калоніі кожную за асвятленне акцыі памяці Рамана Бандарэнкі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»