Канец «нейтралітэту»?


Тысячы адзінак тэхнікі і вайсковыя караблі ў Чорным моры. Расея працягвае сцягваць свае войскі да межаў з Украінаю. Ці варта чакаць маштабных баявых дзеянняў і якую ролю ў гэтым можа сыграць Беларусь?

«Нармалізацыя сітуацыі ў праблемных кропках Украіны, перш за ўсё на Данбасе, залежыць толькі ад Украіны», – заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дэпутатам украінскай Вярхоўнай Рады ад партыі «Слуга народу» Яўгенам Шаўчэнкам.

Тым часам расейскія войскі разгарнулі ў Крыме прынамсі два палявыя лагеры. Пра гэта сведчаць спадарожнікавыя здымкі, якія аказаліся ў распараджэнні журналістаў нямецкага выдання «Der Spiegel». Усяго, паводле ацэнак журналістаў, там больш за тысячу адзінак тэхнікі. Хутчэй за ўсё, гэта машыны часткі 58-ай арміі, перакінутыя туды з Паўночнага Каўказу.

Акрамя таго, перамяшчэнне расейскіх войскаў бліжэй да ўкраінскае мяжы зафіксавалі ў Растоўскай, Белгарадскай і Варонежскай вобласцях Расеі. Агульную вайсковую сілу ля мяжы з Украінай ацэньваюць на 100 тысяч асобаў.

«Гэта найбольшае нарошчванне сіл, якое мы бачылі з 2014 года, якое прывяло да парушэння суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Яно сапраўды большае, чым у 2014 годзе», – пракаментаваў расейскую вайсковую актыўнасць прадстаўнік Пентагону Джон Кербі.

Да таго ж Міністэрства абароны Расеі пастанавіла блакаваць з 24-га красавіка праход замежных караблёў у некаторых раёнах Чорнага мора і вывела ў мора баявы атрад караблёў – нібыта для навучальнай стральбы.

І хоць, на думку адмыслоўцаў, маштабнай наступальнай аперацыі супраць Украіны бліжэйшым часам чакаць не варта, украінскі бок павысіў увагу да сітуацыі каля сваіх межаў. У тым ліку і з Беларуссю.

«Лукашэнка быў і застаецца саўдзельнікам Пуціна ў агрэсіі супраць Украіны. Нават той факт, што ён не разгортвае новыя расейскія базы на тэрыторыі Беларусі. Але ён удзельнічае ў сумесных манеўрах з расейскімі войскамі. Яны разам ствараюць небяспеку для ўкраінскіх межаў», – кажа галоўны рэдактар «censor.net» Юрый Бутусаў.

Пагатоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які фактычна апынуўся ў міжнароднай ізаляцыі, цяпер як ніколі залежыць ад Расеі.

«Лукашэнка вымушаны адмовіцца ад пазіцыі нейтралітэту і стаць на бок Расеі. Бо толькі Расея выступіла ў абарону існага рэжыму. Унутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі дыктуе логіку вонкавай палітыкі. І гэтая замежная палітыка не ў нацыянальных інтарэсах Беларусі. Яна выключна будуецца на інтарэсах рэжыму», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч

На 22-га красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі запланаваны візіт у Маскву, дзе адбудзецца чарговы раўнд перамоваў пра гэтак званую паглыбленую інтэграцыю.

Алесь Баразенка, «Белсат»