Беларусь у чаканні макра-дапамогі і макра-санкцыяў


Спрасціць візавы рэжым або нават цалкам адмяніць візы для беларусаў. Святлана Ціханоўская заклікала Еўразвяз даць такое падтрыманне беларусам, а дэмакратычнай Беларусі – пакет макра-дапамогі. Прапанова прагучала падчас афіцыйнага адкрыцця дзявятай сесіі Парламенцкай асамблеі «Еўранэст». Гэта адмысловая пляцоўка для эканамічнага і палітычнага ўзаемадзеяння Еўразвязу з усходнімі суседзямі, у лік якіх уваходзіць і Беларусь, але сёлета прадстаўнікоў афіцыйнага Менску там не было.

Беласнежнай усмешкі кіраўніка беларускай дыпламатыі Уладзіміра Макея сёлета не пабачылі дэлегаты з краінаў-удзельніц праграмы «Усходняга партнёрства». Дэлегацыю беларусаў ачоліла народная абранніца Святлана Ціханоўская.

«У сваёй прамове я распавядала пра сітуацыю ў Беларусі, пра рэпрэсаваных – што ў нас ужо 354 палітычных вязні і гэтая лічба пастаянна расце. Аб магчымасці адмены візавага рэжыму для беларусаў на ўезд у краіны Еўразвязу, пра студэнцкія адукацыйныя праграмы», – пракаментавала Святлана для «Белсату».

Яна акцэнтавала, што грамадзянскай супольнасці Беларусі вельмі патрэбнае падтрыманне краінамі-сябрамі праграмы «Усходняга партнёрства». Міністэрства Уладзіміра Макея сёння пачало дзень з публікацыі адказу на санкцыйнае рашэнне Адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна, якое заблакавала эканамічную супрацу з «Белнафтахімам» і прадпрыемствамі-партнёрамі канцэрну:

«Такія дзеянні недвухсэнсоўна дэманструюць, за якую насамрэч «свабодную і незалежную Беларусь» гэтак выступае амерыканская адміністрацыя. (…) «Са скуры прэч лезе», каб на кім-небудзь прадэманстраваць сваю жорсткасць і псеўда-прынцыповасць. Інтарэсы бізнесу, звычайных беларусаў ці амерыканцаў, бяспекі і стабільнасці ў рэгіёне ды свеце ў гэтым працэсе для Вашынгтона не маюць ніякага значэння».

Магчыма, неўзабаве МЗС Беларусі тое самае скажа пра аб’яднаную Еўропу. Пасля першых трох пакетаў санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі і яго людзей, ідуць выніковыя абмеркаванні чацвёртага пакету, які абвесцяць днямі. Еўрадэпутаты дапускаюць, што следам за ЗША Еўразвяз вырашыцца на больш балючыя для Лукашэнкі эканамічныя і гаспадарчыя абмежаванні.

«Я не выключаю гэтага. Ведаю, што цяпер у Еўразвязе вядуцца перамовы на гэтую тэму. Калі (увядзенне гаспадарчых санкцыяў – Belsat.) будзе лічыцца мэтазгодным і патрэбным, то, мяркую, Еўразвяз праследуе прыкладам Злучаных Штатаў і ўвядзе санкцыі ці супраць прадпрыемстваў, ці супраць канкрэтных галінаў эканомікі», – кажа Марына Кальюранд, дэпутатка Еўрапарламенту, Эстонія.

Аналітыкі «Белсату» не раз выказвалі меркаванне, што прывесці рэжым да дыялогу аб вызваленні палітвязняў і прынамсі мараторый на новыя рэпрэсіі могуць толькі сектаральныя санкцыі. Сёння ў Еўропе канчатковых рашэнняў яшчэ няма, але ўжо ёсць разуменне – ціск на афіцыйны Менск трэба ўзмацняць.

«Трэба лепш падрыхтавацца і зрабіць сапраўдны пакет, адчувальны і для тых, хто прасоўвае палітыку Лукашэнкі ў рэальным жыцці. Трэба менш размоваў і абяцанняў. Патрэбен выразны чацверты пакет. Да яго мы рыхтуемся і гэта непазбежна», – лічыць Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапарламенту, Літва.

Паралельна ідзе наладжванне сувязяў з беларусамі, якія прасоўваюць перамены. А таксама пошук спосабу дапамагчы нацыянальным меншасцям у Беларусі, якіх зачапіў беларускі крызіс. Гаворка пра палякаў. Каманда Святланы Ціханоўскай сустрэлася з амбасадарам Польшчы Артурам Міхальскім. Казалі пра высылку дыпламатаў, закрыццё польскай школы і арышты сябраў Саюзу палякаў Анджэя Пачобута ды Анжэлікі Борыс. Шукалі, як дапамагаць беларусам, якія ў няволі ці вымушанай эміграцыі. А тэлеканал «Белсат» назвалі адным з найбольш паспяховых праектаў польскага ўраду для Беларусі. Зазіралі і ў будучыню.

«Галоўная ідэя дыскусіі была, якая роля новай Беларусі будзе ў рэгіёне. Ці гэта месца для сустрэчаў, ці масток паміж Усходам і Захадам. Ці Беларусь як частка Балта-Чарнаморскага альянсу, або Люблінскага квартэту», – кажа Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у вонкавай палітыцы.

І зноў жа, гэта толькі погляд на перспектыву, пасля больш важных сённяшніх задачаў. Галоўная з якіх – спыніць рэпрэсіўную машыну.

Юлія Цяльпук, «Белсат»