Ці законны распаўсюд у сеціве «прызнанняў» на камеру ад МУС


Затрымліваюць, збіваюць, а пасля патрабуюць раскаянняў. А запісаныя відэа публікуюць. Адкуль узнікла гэткая практыка ў сілавікоў? І што пра гэта думаюць беларусы?

«Прызнаю сваю памылку, каментар пакінуў пад уплывам дэструкцыйных поглядаў», – кажа затрыманы мянчук на відэа, распаўсюджаным МУС Беларусі.

Відэа з гэткімі «прызнаннямі» ды «пакаяннямі» затрыманых сілавыя структуры Беларусі публікуюць рэгулярна.

«Раскайваюся. На маё меркаванне, пратэставы рух падтрымлівае вельмі вялікая частка IT-супольнасці толькі таму, што ў іх усё вельмі-вельмі добра і яны з раскошы шалеюць», – гаворыць на відэа МУС затрыманы працаўнік ІТ-кампаніі.

«Цяпер я ўсведамляю, што розныя пратэставыя рухі чыняць шкоду нашай Рэспубліцы Беларусь і сваю дзейнасць абавязваюся спыніць», – кажа на відэа МУС затрыманая гомельская студэнтка.

Гэтая практыка для нашае краіны – не навіна. Пакаянні бралі яшчэ з часоў былога міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. У 2018 годзе сілавікі прымусілі падлетка прасіць прабачэння на камеру за поўху скульптуры гарадавога каля Міністэрства ўнутраных справаў:

«Я шчыра раскайваюся за тое, што ўчыніў шкоду гэтаму помніку, працаўнікам міліцыі».

Паводле праваабаронцы Сяргея Усцінава, такі метад беларускія сілавікі перанялі ў Чачэніі, дзе асобаў з не пажаданымі для ўладаў паводзінамі змушаюць перад імі каяцца.

«Мэта – прынізіць чалавека. Паказаць усім, што яны яшчэ сіла, яны яшчэ могуць. Аднак усе і кожны разумеюць, што людзі, якія туды трапілі і зазналі псіхалагічныя або фізічныя катаванні, гавораць гэта пад прымусам», – гаворыць праваабаронца Сяргей Усцінаў.

Летась у лістападзе Міністэрства ўнутраных справаў выклала ролік з ператрусам у актывіста Мікалая Дзядка ды ягонымі прызнаннямі. Супраць Мікалая распачалі крымінальную справу за арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Паводле адваката, перад запісам на камеру блогера катавалі.

«Заклікаюць да звяржэння рэжыму, барацьбы з праваахоўнымі органамі. У тым, што зрабіў, – раскайваюся і болей так рабіць не буду», – кажа Дзядок на відэазапісе.

А як да гэткіх відэа з прызнаннямі ставяцца беларусы?

Жыхары Менску кажуць:

«Я не веру гэтаму. Мы ўсе гэта бачым, але разумеем, што хутчэй за ўсё людзям пагражаюць. І пад страхам людзі будуць казаць усё, што заўгодна, каб іх не каралі».

«Я думаю, калі будзеш у той сітуацыі, будзеш гаварыць усё, што табе напішуць. У іх няма выбару. Я так думаю».

«Як можна ставіцца да відэа, перад якімі людзей збіваюць? А калі не збіваюць, то існуе яшчэ шмат спосабаў прымусіць чалавека сказаць тое, чаго ён не хоча, чаго ён не думае. І мне вельмі шкада гэтых людзей, шчыра шкада».

«Калі яны дрэнна сябе паводзілі, хай папросяць прабачэння, напэўна».

Кожнае псіхалагічнае або фізічнае ўздзеянне, катаванні – гэта парушэнне закону, нагадваюць праваабаронцы. Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, паводле заканадаўства Беларусі, не маюць тэрміну даўнасці.

Анастасія Русецкая, «Белсат»