Голас за мірныя перамовы


Амаль 600 тысячаў беларусаў патрабуюць перамоваў і мірнага развязання палітычнага і гуманітарнага крызіса, які адбываецца ад прэзідэнцкіх выбараў. Такія вынікі паказвае сёння платформа «Голас», хоць яе і спрабуе заблакаваць Міністэрства Інфармацыі Беларусі. Святлана Ціханоўская, якая ініцыявала народнае галасаванне, заклікае грамадзян не маўчаць.

Адна сім-карта, адна смс-ка – адзін голас. Галоўнае пытанне: ці патрабуе грамадзянін Беларусі мірнага вырашэння крызісу шляхам перамоваў пры міжнародным пасярэдніцтве? Большасць апытаных «Белсатам» менчукоў ужо ў курсе і прагаласавалі.

Вось што кажуць жыхары і госці Менску:

«Чулі, канешне. Гэта праз сістэму «Голас», я так разумею».

«Я лічу, што гэта правільнае рашэнне. Я яе падтрымліваю, і ўсе мае сваякі. Таму – Жыве Беларусь!»

«Пара бы ўжо скончыць гэты крызіс, бо сітуацыя ў краіне невясёлая. Кошты растуць, і на паліва, і на ўсё. Таму я падтрымліваю, каб сустрэліся і павырашалі гэтыя пытанні».

«Ну прагаласую я, і што зменіцца?»

Платформа «Голас» – абароненая, яе нельга падрабіць, сістэме давяраюць па ўсім свеце, у тым ліку АБСЕ, міжнародныя і праваабарончыя арганізацыі. Хаця адразу пасля запуску галасавання пра мірныя перамовы ў Беларусі сайт запаволіўся – так шмат было ахвотных, кажа прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна:

«Цяпер ідзе другая хваля, калі мы мусім падключыць усіх тых, хто яшчэ не прагаласаваў».

Агульнанацыянальнае галасаванне запусціла каманда Святланы Ціханоўскай, удзельніцы прэзідэнцкіх выбараў, якую ў Еўразвязе і Паўночнай Амерыцы лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народа.

Чыноўнікі, верныя Аляксандру Лукашэнку, адказалі на запуск галасавання блакадай сайту «Голас» і частковым абмежаваннем працы інтэрнэту. Але блакаду можна абысці функцыяй VPN, або скарыстацца вайберам ці тэлеграмам на мабільніку.

«У нас людзі падкаваныя, яны ведаюць, як абысці гэтыя блакіроўкі, дапамогуць мамам-татам, бабулям-дзядулям, суседзям. На жаль, так доўга жывучы ў гэтай дзяржаве, мы на вучыліся абыходзіць забароны», – пракаментавала блакаду Святлана Ціханоўская падчас мітынгу ў Вільні.

Як паведаміла Ганна Красуліна, на дзяржаўных прадпрыемствах працаўнікам пагражаюць рэпрэсіямі, калі хтосьці прагаласуе за мірныя перамовы:

«Калі вы прагаласавалі з тэлеграма ці вайбера, вы са свайго тэлефона можаце прыбраць гісторыю чату, і ніхто нічога не знойдзе. Так што гэта бяспечна галасаваць, абавязкова гэта зрабіце. А чыноўнікі, ідэалагічныя працаўнікі хай бегаюць».

Дык навошта трэба гэтае галасаванне праз інтэрнэт? Можа, хопіць круглага стала, пра які казаў Аляксандр Лукашэнка, наведваючы палітвязняў у следчым ізалятары КДБ?

«У дзяржаве, якую захапіла арганізаваная злачынная групоўка, голас народу амаль не чутны. Таму мы сваімі сродкамі гэты голас падаем. І зараз на платформе «Голас» за прапанову Святланы Ціханоўскай – гэта яшчэ адзін крок каб паказаць, што нас шмат», – кажа філосаф, метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Як кажуць арганізатары, мэтаў некалькі. Беларусы пакажуць самім сабе, што прыхільнікаў сапраўдных мірных перамоваў больш, чым прыхільнікаў Лукашэнкі. Тое самае пабачаць і ягоныя службоўцы, і задумаюцца, ці варта выконваць злачынныя загады. І вынікі народнага галасавання пабачаць і міжнародная супольнасць: Арганізацыя аб’яднаных нацыяў, АБСЕ, і краіны-суседзі.

«Лукашэнку можна толькі прымусіць да перамоваў. Гэты прымус будзе эфектыўны, толькі калі будзе міжнародны ціск звонку, ціск грамадзянскай супольнасці», – тлумачыць Уладзімір Мацкевіч.

Гэта не проста апытанне, гэта грамадзянскае дзеянне кожнага беларуса, кажа Уладзімір Мацкевіч. Пры гэтым галасаванне – самая мінімальная і самая бяспечная форма супраціву дыктатуры.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»