Гісторыя кахання: шлюб Івана і Сафіі за кратамі


Прапанову рукі і сэрца сваёй абранніцы Іван Андрушойць зрабіў у лістах з турмы. Рамантычныя думкі пра такую значную падзею для Сафіі не спраўдзіліся. Але на прапанову адказала згодаю без ваганняў: Іван і Сафія ажаніліся за кратамі – у СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзе мужчына цяпер чакае суда.

«Не, ні ў якім разе я не баялася. Гэта не сорамна, гэта не страшна. Гэта – гонар, найхутчэй: вось палітычны зняволены, і вось я за яго выходжу замуж проста тут», – сцвярджае Сафія, жонка палітвязня.

Івана Андрушойця вінавацяць паводле 342 і 349 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яго затрымалі 5 лістапада паводле падазрэння ва ўзломе камп’ютарнай сістэмы Менгарвыканкаму. У кватэру прыйшлі з ператрусам, зламалі дзверы, забралі тэхніку і банкаўскія карты. Пазней дадалі абвінавачанне ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Сябры падтрымліваюць ягоную жонку і кажуць пра невінаватасць палітвязня.

«Ваня перажывае за Соф’ю, просіць, каб мы яе не пакідалі, каб мы ёй дапамагалі, часцей сустракаліся. Бо ёй цяжка, яна засталася па сутнасці адна», – кажа Марыя, сяброўка Андрушойцяў.

«Я яго ведаю даўно, жывём у адным двары, як кажуць, рука ў руку, плячо ў плячо. Гэта не той чалавек, які мог арганізаваць масавыя непарадкі, кагосьці туды прыцягнуць і гэтак дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне. Не, гэта не той чалавек», – дадае Ігар, сябар Андрушойцяў.

Шлюбная цырымонія за кратамі доўжылася лічаныя хвіліны. Але з нагоды ўрачыстасці ў гэты ж дзень Андрушойцям дазволілі спатканне на гадзіну і праз шкло – першае за амаль пяць месяцаў.

«Гэта дастаткова цяжка на псіхалагічным узроўні: мне цяжка было яго бачыць. Мы чатыры месяцы не бачыліся, і мне цяжка было быць з ім у адным памяшканні: была злосць, пачуццё несправядлівасці за тое, што чалавека забралі проста так – проста таму, што камусьці гэтага захацелася», – дадае Сафія.

Паводле выстаўленых абвінавачанняў, палітвязню Івану Андрушойцю пагражае ад двух да сямі гадоў зняволення.

«Белсат»