54-гадовую палітзняволеную вінавацяць у закалотах. Яе чакаюць сын і старая маці


«Справу яны не вядуць амаль паўгода прынцыпова, нібыта, няма следчага. Няма следчага – няма справы, няма справы – не трэба праводзіць суд і можна працягваць тэрмін зняволення па нейкім дзьмутым і ліпавым абвінавачанні. Нам нават няма да каго звярнуцца, каб хадайнічаць, да прыкладу, хатні арышт даць», – кажа Андрэй – сын Марыі Несцеравай.

Марыя Несцерава была незалежнай назіральніцай на выбарах. Падчас ператрусу, у яе забралі «Народную волю» у якасці «агітацыйнага матэрыялу». Гэтак, чакае дачку і 84-гадовая матуля зняволенай.

«Гэта Маша вышывала. А гэта – загатоўка была. Яна па схеме малявала – ёй гэта вельмі падабаецца».

Спадарыня Лідзія мацуе сілы падтрымкай унука і ліставаннем з дачкою. Вельмі хвалюецца, што не дачакаецца вызвалення Марыі.

«Андрэй, кажу, табе давядзецца хаваць мяне. Бо Машы няма, а больш у нас тут нікога няма. Я падрыхтавала ўсё «смяротнае», як у нас кажуць, павязу пакажу, дзе пахаваны муж, каб і мяне туды падхаваць. Словам, я яму ўсе распараджэнні зрабіла ўжо», – кажа спадарыня Лідзія.

Несцеравы паходжаннем з Расеі, але і ў Менску сям’я жыве ўжо сорак гадоў. У цяперашні цяжкі час – асабліва і на сабе адчулі салідарнасць людзей ды ціск уладаў.

«Я на практыцы зразумеў тое, што можна каля пад’езду ўзяць чалавека, заштурхаць у машыну, звезці кудысьці без тлумачэнняў, куды і за што. Калі б мы не шукалі, то з намі ніхто б і дагэтуль не выйшаў на сувязь. Ніхто, зусім ніхто! Толькі праз адваката мы змаглі штосьці даведацца праз некалькі дзён», – кажа Андрэй.

Паводле афіцыйна выстаўленага абвінавачання, Марыі Несцеравай пагражае ад трох да васьмі гадоў зняволення.

Галіна Абакунчык, «Белсат»