У Вільні з'явілася выстава, прысвечаная барацьбе беларусак за свабоду


З надыходам вечара жыхары і госці Вільні прыязджаюць да музею сучаснага мастацтва. На яго сценах пасля заходу сонца з‘яўляюцца велізарныя фотаздымкі. Усе яны – пра Беларусь, нашую найноўшую гісторыю.

«Прыехалі ўсёй сям’ёй паглядзець, што адбываецца ў нашых суседзяў. Падобна, як у Літве было некалькі дзесяцігоддзяў таму».

«Гэта нагадвае страшныя падзеі, якія ў нас былі ў 91-м годзе. Толькі ў нас вораг быў вонкавы, а ў іх – удома. У іх сітуацыя нашмат складанейшая», – кажуць віленчукі.

Уражваюць кадры і маладзёнаў, якія не былі сведкамі студзеньскіх падзеяў 91-га года ў Вільні:

«Гэта жудасна, што цяпер адбываецца ў Беларусі. І гэта відаць на гэтых фотаздымках».

«Гэта шакуе, і вы павінны пратэставаць. Заставайцеся моцнымі і змагайцеся з усяе сілы».

Фотавыстава на мурах музею называецца «Будучыня Беларусі, якая ствараецца жанчынамі».

На кадрах – беларускі, якія выйшлі бараніць сваю свабоду, якія хацелі мірных зменаў і лічылі, што мужчыны ў пагонах ніколі не ўзнімуць рукі на дзяўчат, матуль і бабуль.

«Мы пастанавілі адкрыць выставу ў лютым, таму што 16 лютага – Дзень незалежнасці Літвы і 11 сакавіка – Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы. Барацьба жанчын, якія бралі ўдзел у пратэстах, падобная да нашае барацьбы за свабоду і тых падзеяў, праз якія мы прайшлі. Таму мы можам спачуваць беларусам і падзяляць іхныя пачуцці ў барацьбе супраць рэжыму», – распавяла «Белсату» Мілда Іванаўскіене, дырэктарка музею «МО».

Выстава ўзнікла ў выніку супрацы беларускай платформы «SHKLO» і галерэі «Fotografiska Tallin». Віленскі музей «МО» таксама захацеў паказаць яе літоўцам. На сцяну музею праектуюць фотаздымкі пяці беларускіх фотажурналістак: Надзеі Бужан, Дар’і Буракінай, Віялеты Саўчыц, Вольгі Шукайлы, Ірыны Арахоўскай.

«Вельмі важна паказаць свету, што беларускі пратэст быў мірны, а таксама што цяпер у Беларусі жаночы твар. Мне падаецца, што гэта добра відаць на здымках маіх і маіх калег на гэтай выставе», – кажа Ірына Арахоўская.

Прыйшлі паглядзець на выставу і… беларусы, якія праз пераслед уладаў мусілі пакінуць сваю краіну:

«Прыемна, што ёсць краіны, якія падтрымліваюць, выказваюць сваю салідарнасць».

«Для мяне гэта не толькі фотаздымкі. Некаторыя з гэтых падзеяў я бачыў у жывую, таму згадваю тыя моманты ўздыму настрою і спаду».

«Калі ўлічыць, што мы былі там у тыя дні, то што мы адчуваем? Чакаем перамогі, чакаем вяртання дадому!»

Выставу будуць дэманстраваць у Вільні да чацвертага сакавіка, акурат да вясны, часу, на які беларусы ўскладаюць чаканні, спадзеючыся на новыя мірныя пратэсты.

Вольга Старасціна, belsat.eu