Следчы камітэт закупае ў расейцаў шпіёнскі софт, каб сачыць за беларусамі


У краіне, дзе пануе дыктат і дубінка, схаваць штосьці ад чужых вачыма складана, нават асабістыя дадзеныя. Кантроль над імі хоча атрымаць следчы камітэт. Тэрмінова, да канца студзеня яны закупаюць адпаведны шпіёнскі софт, каб узломваць тэхніку карыстальнікаў. Да чаго такая спешка? Мы запыталіся ў ІТ-спецыяліста. Улічваючы сітуацыю, ён пажадаў застацца ананімным.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Хутчэй за ўсё ў іх ёсць нейкае вырашэнне праграмнае, якім яны будуць карыстацца, а тэндэр афармляюць, ну, наўпрост, каб паводле закона ўсё было», – лічыць ІТ-спецыяліст.

Калі так, то ў распараджэнні следчага камітэта праграма «Мабільны Крыміналіст Эксперт Плюс» расейскіх распрацоўшчыкаў «Оксіджэн Софтвер». Прынамсі, менавіта яна пазначаная ў заяве на тэндар. Кампанія спецыялізуецца на продажы праграм карпарацыям і асобна – праваахоўным органам. Праграма выкачвае дадзеныя з любой аперацыйнай сістэмы і амаль з любой прылады. Дадзеныя з флэшак і сім-картак – таксама адчыняе. Яна здымае блакіроўку экрана і ўсе паролі.

«Для таго, каб атрымаць доступ да прылады. Калі сама па сабе прылада зашыфраваная, а асоба, якая праводзе крыміналістычны аналіз, ён не ведае паролю, і час для ўзлому дастаткова працяглы, то насамрэч стратэгія карыстальнікаў – выкарыстоўваць бяспечную прыладу, зашыфраваную, са складанымі паролямі», – кажа эксперт па лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.

Версія «Крыміналіст Плюс», патрэбная Следчаму камітэту Беларусі, на сайце адсутнічае, але ёсць папярэдняя. Кошт яе не пазначаны. Запыты ж у пошукавіку выдаюць наступнае: у пераліку на беларускія грошы звычайная версія каштуе 14 з паловаю рублёў. Версію «Плюс» знаходзім на іншым сайце за 20 тысячаў. Калі падзяліць гэтую цану за адну версію праграмы на агульную суму, вылучаную пад закупку – 135 з паловаю тысяч рублёў, – атрымліваем 6 з рэштай. Калі браць ва ўвагу, што ПЗ пойдзе на патрэбы цэнтральнага апарату следчага камітэту, а гэта аўтаматычна ўсе рэгіянальныя ўпраўленні, можна выказаць здагадку, што софт замаўляюць для ўсіх шасці рэгіёнаў краіны.

«Мне здаецца, калі ёсць у цяперашняй беларускай наменклатуры нейкі ідэал, то гэта Кітай. Натуральна, што ў сачэнні, спробах сачыць за сваімі грамадзянамі, яны ідуць па гэтым, кітайскім прыкладзе – будуць імкнуцца набываць, як мага больш адпаведнай апаратуры. Ясна, што, калі ўжо, калі ўжо купляць, то на ўсе вобласці, а не толькі на адну», – параўноўвае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Атрымліваць асабістыя дадзеныя карыстальнікаў сілавікам і дагэтуль нічога не замінала: збівалі, выламвалі пальцы, фізічна ды псіхалагічна запужвалі. Гэткі ціск беларус Кірыл Кондрыкаў зазнаў на сабе. Пры першым затрыманні выстаяў і пароль не сказаў. Падчас другога затрымання гэта ўжо было немагчыма – настолькі моцным быў ціск і страх увогуле згубіць жыццё.

«Калі нам сказалі »Даставай свой тэлефон, Даставай свой тэлефон, Даставай свой тэлефон, Даставай свой тэлефон, у іх ужо была вельмі маральна моцная агрэсія і тут я ўжо, канечне, даў тэлефон», – прыгадвае сваё затрыманне студэнт Кірыл Кондрыкаў. Цяпер ён жыве ў Літве.

Як толькі ўзнікае пагроза для здароўя і персанальных звестак, усе сродкі слушныя, кажа Мікалай Кванталіяні: разбіваць жорсткія дыскі, на два кавалкі разламаць тэлефон. Каб не даводзіць да гэтага, варта памятаць простыя правілы: рэжым »ананім« у мэсэнджарах, складаныя паролі, зашыфроўка дадзеных, і нават выдаленне слоўніка.

Надзея Бельская, «Белсат»