2 мільёны хворых на Covid


Масква будуе блокпасты, ад серады перасоўвацца па расейскай сталіцы можна толькі з пропускамі. Нягледзячы на каранцінныя захады эпідэмія каронавіруса распаўсюджваецца ў Расеі рэкорднымі тэмпамі. А тым часам у некаторых еўрапейскіх краінах з‘явілася надзея на паляпшэнне сітуацыі.

Лік захварэлых набліжаецца да двух мільёнаў, колькасць памерлых – да 120 тысячаў. Ачунялі ад каронавіруснай інфекцыі ўжо 450 тысячаў чалавек. Найхутчэй эпідэмія цяпер распаўсюджваецца ў Турцыі ды Расеі.

«Грамадзяне, прытрымлівайцеся рэжыму самаізаляцыі ды сацыяльнай дыстанцыі!» – папярэджваюць паліцэйскія на вуліцах Масквы.

У Расеі за содні колькасць хворых павялічылася на дзве з паловаю тысячы чалавек, дасягнуўшы 18 тысячаў. З іх больш за адзінаццаць тысячаў – у Маскве. Вакол расейскай сталіцы з’явіліся Блокпасты. З серады трапіць у Маскву і перамяшчацца па ёй можна будзе толькі паводле электронных пропускаў. Аднак дакументы паліцыя правярае ўжо цяпер:

– Вы што робіце на Арбаце?

– У аптэку хадзіў.

– У якую аптэку?

– Найбліжэйшую!

– У вас у Хімках прапіска! Вы ведаеце, што вы парушаеце?

Парушальнікам прапускнога рэжыму пагражае пакаранне штрафамі ад чатырнаццаці да пяцісот долараў у эквіваленце. Найбольш захварэлых цяпер у ЗША – 560 тысячаў. Дваццаць дзве тысячы чалавек памерлі, з іх паўтары тысячы – за гэтыя содні. Каранцін абвесцілі ўва ўсіх 50 штатах. Доўгімі апладысментамі калегі з мадрыдскага шпіталю развітваюцца з ЭстЭбанам – медбратам, які заразіўся на працы каронавірусам і памёр ва ўзросце 57 гадоў.

«Мы працуем на мяжы магчымасцяў. Мы насамрэч вельмі стомленыя, бо мы даглядаем пацыентаў ужо больш за месяц. Мы з калегамі стараемся трымацца адно аднаго, бо іначай працаваць проста немагчыма», – прызнаецца мадрыдская медсястра Марыя Ароё.

І гэтая праца прыносіць плён: колькасць смяротных выпадкаў у Іспаніі скарачаецца з пачатку красавіка, а колькасць хворых стабілізуецца. Урад дазволіў пачаць працу прамысловым і будаўнічым фірмам. Пры гэтым крамы і бары адчыняцца не раней за 26 красавіка. Як выводзіць эканоміку з каранціну, задумваецца і ўрад Вялікай Брытаніі. Прэмʼер-міністра Борыса Джонсана выпісалі са шпіталю, дзе з дыягназам Covid-19 ён правёў тыдзень.

«Медыкі ўратавалі маё жыццё, несумнеўна! Вельмі цяжка падабраць словы, каб выказаць ім маю ўдзячнасць, але спачатку я хачу падзякаваць кожнаму ў Абʼяднаным Каралеўстве за намаганні ды ахвярнасць», – заявіў брытанскі прэм’ер.

За месяц каранціну колькасць заяваў на атрыманне выплатаў па беспрацоўі дасягнула аднаго мільёна двухсот тысячаў чалавек. Еўрапарламент на час эпідэміі аддае частку сваёй сядзібы ў Бруселі пад два прытулкі. Адзін – для бяздомнікаў, другі – для тых, хто выйшаў са шпіталю, але не можа вярнуцца дадому праз каранцін. У час пандэміі дэпутаты атрымалі права не прыязджаць у Брусель, а галасаваць праз электронную пошту.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота: THILO SCHMUELGEN / Reuters / Forum