2 гады без скандалаў. Лукашэнка ў Бруселі – гэта сенсацыя


За два тыдні да пятага саміту «Усходняга партнёрства» ў Менску падвялі вынікі беларуска-еўрапейскай супрацы. Цягам апошніх двух гадоў у межах «Усходняга партнёрства» па лініі Рады Еўропы і афіцыйнага Менску рэалізуюцца некалькі праектаў, якія, сярод іншага, накіраваныя на барацьбу з карупцыяй і абарону правоў нацыянальных меншасцяў.

Каментуючы двухбаковыя дачыненні дыпламаты выказваюць аптымізм

«Еўразвяз адкрыў больш магчымасцяў для Беларусі, напрыклад, раней Беларусі вылучалася парадку € 13-15 млн у год, цяпер гэта ў два разы больш. Таксама цяпер ёсць фінансавыя інструменты, якія раней не былі даступныя для Беларусі, у прыватнасці Еўрапейскі інвестыцыйны банк можа працаваць у краіне», – зазначыў Фрэдэрык Коэн з прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі.

Еўразвяз чакае ад Менску перадусім эканамічных рэформаў, якія могуць паспрыяць павелічэнню двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і краінамі ЕЗ.

Пытанне выбараў адышло на другі план

«У палітычны плане адзін з прыярытэтаў для Еўразвяза – адмена смяротнага пакарання ў Беларусі. Вядома гэта не простае пытанне, якое займае шмат часу», – патлумачыў Фрэдэрык Коэн.

Сустрэча ў гатэлі «Краўн плаза» ў сталіцы, адная з шэрагу, накіраваных на паляпшэнне дзяржаўнага кіравання краінаў «Усходняга партнёрства». Менавіта гэты момант – адное з самых слабых месцаў афіцыйнага Менску.

«Грошы, якія могуць быць выдаткаваныя на кожную з краінаў Усходняга партнёрства, яны вельмі вялікія, гэта могуць быць шматмільённыя інвестыцыі, але каб атрымаць гэтыя інвестыцыі, трэба зрабіць шэраг захадаў, выканаць патрабаванні ў тым ліку паляпшэння дзяржаўнага кіравання. На што Беларусь ісці не хоча ні ў якім выпадку», – даводзіць палітолаг Уладзімір Мацкевіч.

Да саміту «Усходняга партнёрства» чальцы падыходзяць з розным бэкграундам

Украіна, Малдова і Грузія ратыфікавалі пагадненні аб асацыяцыі з ЕЗ і атрымалі бязвіз. У 2009-м годзе, на старце ініцыятывы, у гэта мала хто верыў.

Праблемы «Усходняга партнёрства» навідавоку, праз розныя хуткасці яго чальцоў, кажуць палітычныя назіральнікі. Але, разам з гэтым, усе пытанні могуць адысці на другі план, калі Аляксандр Лукашэнка накіруецца ў Брусель і тым самым ужо створыць мінісенсацыю.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum