Тры дні беларускага кіно: фестываль «Бульбамуві» у Варшаве


Лепш рабіць кіно, чым вайну. Восьмы раз фестываль «Бульбамуві» прыадчыняе свет беларускага кінематографа – ад ужо вядомага «Куража» Аляксея Палуяна да фільмаў маладых рэжысёраў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Бульба яднае». Слоган фестывалю ператвараецца ў сцвярджэнне, калі бачыш колькасць людзей у зале кінатэатру. Усе яны прыйшлі паглядзець беларускае кіно. Якое, у сваю чаргу, аб’яднаў у фестывальную праграму арганізатар «Бульбамуві» Януш Гаўрылюк.

«Мы год таму правялі сёмы фестываль беларускага кіно ў Варшаве, пасля пяцігадовага перапынку. І калі маем такую магчымасць далей гэта рабіць, то тым больш трэба казаць пра Беларусь», – кажа арганізатар фестывалю Януш Гаўрылюк.

Першы дзень фестывалю адзначыўся паказам фільму Паўла Мажара «Хэндбук». Таксама свой фестывальны шлях са стужкай «Мары» распачала рэжысёрка Саша Кулак. Гэтыя фільмы – асэнсаванне беларускіх пратэстаў 2020-га – нашай агульнай гісторыі, а таму натуральна, што яны выклікаюць самыя яркія эмоцыі.

«Гэта было для мяне «трыгерна» і цяжка эмацыйна ўспрымаць. Але важна, што гэтая тэма – тэма Беларусі – гучыць і распавядае тым, хто пра яе ўвогуле не ведае. І нагадвае нам самім, каб мы пра гэта не забываліся ў нейкіх сваіх штодзённых справах, у сваім новым жыцці ў эміграцыі», – дзеліцца ўражаннямі глядач.

«Асабліва спадабаўся кінатэатр і фільм «Мара» Сашы Кулак. Нейкі жаночы погляд на гэтыя падзеі. Фільм вельмі эмацыйны», – дадае другі ўдзельнік фестывалю…

«Бульбамуві» стаў пляцоўкай для яшчэ адной важнай прэмʼеры – першага серыялу «Белсату». На вялікім экране можна пабачыць першую серыю – «На ператрымцы».

«Белсат» узяўся зняць сучасны першы беларускі серыял. І мы пачалі яго здымаць яшчэ некалькі гадоў таму. Аднак у пэўны момант аказалася, што мы не маглі там працягваць здымаць, бо спецслужбы нам у гэтым перашкодзілі. Таму мы пачалі яго здымаць нанова. Змянілі сцэнар, бо змянілася і сітуацыя пасля беларускай рэвалюцыі», – распавядае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Першае мастацкае кіно пра беларускія пратэсты. У галоўнай ролі – вольны купалавец Міхась Зуй. Паводле сюжэту ён – амапавец, які трымае на ператрымцы палітвязняў. Рэжысёр Андрэй Кашперскі лічыць, што беларусы гатовыя ўспрымаць тэму пратэстаў ня толькі ў дакументальнай фіксацыі.

«Мне здаецца, што мы дайшлі да таго моманту, калі можам здымаць нешта ігравое, але пры гэтым глядач сам для сябе вызначыць, ці можа ён глядзець нешта гэткае цяпер, калі рэпрэсіі працягваюцца, сябры і сваякі сядзяць у турмах, калі ім пагражае небяспека», – мяркуе рэжысёр і сцэнарыст Андрэй Кашперскі.

Тэма пратэстаў – асноўная ў праграме фестывалю. Гэтак, у нядзелю чакаецца паказ фільму «У жывым эфіры» пра журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову. Таксама пакажуць стужку «Менск» Барыса Гуца. Паводле арганізатара фестывалю, беларуская тэма мусіць гучаць нават падчас вайны ва Украіне. А беларуская культура – ня можа быць выдалена з агульнасусветнай.

«Забаранілі расейскае кіно – гэта закранула і беларускае… Не было ніякай забароны, але было такое ўражанне, што лепей не ўзяць, бо такая сітуацыя… Трэба паказаць, што ёсць кіно, што ёсць беларусы, якія супраць вайны. Бо вельмі мала апошнім часам гаворыцца пра гэта. Мы забылі Беларусь, менавіта пра палітычных вязняў», – лічыць Януш Гаўрылюк.

Пераможцаў у двух намінацыях – найлепшае мастацкае і найлепшае дакументальнае кіно – назавуць заўтра на цырымоніі закрыцця фестывалю. Тады ж абяруць фільм, які атрымае «Прыз глядацкіх сімпатыяў».

Наста Печанькова, Белсат.