Інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН спаўняецца 30 год


Інфармацыйная кампанія БелаПАН святкуе 30-годдзе. Агенцтва было крыніцаю інфармацыі для іншых СМІ, вынаходнікам новых медыяінструментаў, пачынальнікам інфаграфікі ў айчынных інтэрнэт-выданнях. Працу БелаПАНу нярэдка называлі ўзорам журналістыкі. Пра смелую ідэю і змаганне за права працаваць у Беларусі – Юлія Лабанава.

Журналісты ведаюць БелаПАН як крыніцу дакладнай і аператыўнай інфармацыі. Чытачы, бадай, у сувязі з першаю інтэрнэт-газетай «Белорусские новости» – з актуальнымі навінамі, аналітыкай і аўтарскімі калонкамі. За 30 гадоў БелаПАН стаў найбуйнейшым незалежным інфармагенцтвам, якое стварыла сапраўдную канкурэнцыю дзяржаўнай «Белце».

«Былі няроўныя ўмовы. У іх быў доступ да людзей, якія валодаюць інфармацыяй, а БелаПАНу даводзілася прабівацца праз тую сцяну, што стварылі чыноўнікі, і прыходзілася наладжваць добрыя стасункі з некаторымі з іх, каб раздабыць інфармацыю, атрымаць пацвярджэнне ці абвяржэнне», – кажа былы журналіст БелаПАНу і Naviny.by Аляксандр Ярашэвіч.

З распадам Савецкага Саюзу незалежная Беларусь патрабавала ўласнай службы навінаў. Ідэя стварыць інфармацыйнае агенцтва з’явілася ў журналіста Алеся Ліпая.

«Усё пачыналася з таго, што БелаПАН развозіў свае інфармацыйныя паведамленні па рэдакцыях 30 гадоў таму; потым зʼявіўся факс – і інфармацыйныя паведамленні рассылаліся праз факс; потым эпоха сайтаў і стужкі навінаў, дзе падпісчыкі маглі атрымліваць інфармацыю», – распавядае намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Доўгія гады Алесь Ліпай узначальваў БелаПАН. Заспеў часы блакаванняў інтэрнэт-рэсурсаў агенцтва. Аднак не перажыў ператрусаў, затрыманняў калегаў паводле гэтак званай справы «Белты» ды заведзенай на яго самога справы за нібыта ўхіленне ад нявыплаты падаткаў. Сэрца хворага на анкалогію Алеся Ліпая спынілася ў жніўні 2018-га.

«Мы заўсёды разам адзначалі розныя святы, восьмага сакавіка, дзень народзінаў БелаПАН, збіраліся разам, святкавалі, казалі розныя словы. Такая атмасфера была камфортная вельмі створаная ў калектыве», – кажа былы журналіст БелаПАНу і Naviny.by Аляксадр Ярашэвіч.

У дзень юбілею Naviny.by і БелаПан не апублікавалі ніводнае навіны. Такую пазіцыю інфармацыйнае агенцтва прыняло пасля таго, як тыдзень таму КДБ прызнаў яго экстрэмісцкім фармаваннем. А напярэдадні дырэктарцы агенцтва Ірыне Леўшынай і былому кіраўніку Дзмітрыю Наважылаву выставілі абвінавачванне – «стварэнне экстрэмісцкага фармавання». Ірына Леўшына нават з-за кратаў дасылае калегам натхняльныя радкі.

«Зараз мяне панясе пра гістарычныя часы, у якія мы жывём, але я сапраўды так лічу. Ты не ўяўляеш, колькі тут цікавага матэрыялу, якія гісторыі! Успрымаю гэты адрэзак свайго жыцця як працяг працы, «журналіст змяняе прафесію», – піша дырэктарка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына.

Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў зняволеныя ў менскім СІЗА са жніўня. Рэжым не знайшоў нават фармальнае прычыны, каб пазбавіць агенцтва рэгістрацыі, аднак здолеў часова спыніць выпуск навінаў. Ціск і вымушаную рэлакацыю зазналі таксама іншыя незалежныя медыі. За кратамі працягваюць заставацца 29 беларускіх журналістаў.

«Цяпер у Беларусі практычна немагчыма ні на адзін сайт недзяржаўнага выдання беларускага. З другога боку, аўдыторыя працягвае сачыць за навінамі ў «Тэлеграме» і працягвае дзяліцца інфармацыяй з медыямі, то бок, калі нешта адбываецца, рэдакцыя мае магчымасць звярнуцца да сваёй аўдыторыі, папрасіць: дашліце нам інфармацыю, дашліце фота і відэа», – кажа намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Верыць у тое, што БелаПАН працягне жыць, і рэдакцыя агенцтва. Бо ў любыя часы ёсць патрэба ў праўдзівай і аператыўнай інфармацыі для журналістаў і чытачоў.

Юлія Лабанава, «Белсат»