Глыбей у ізаляцыю: Украіна збудуе кардон, а Эстонія дапаможа палякам


Кіраўнік НАТО аб’яднаў пад агульнаю рысаю крызісы на беларускай мяжы і на ўкраінскай, пад якою збіраюцца расейскія вайсковыя фармаванні. Самая Украіна рыхтуецца да ўмацавання кардону на мяжы з Расеяй і Беларуссю.

Лукашэнка з Пуціным зноў праз тэлефон абмяркоўваў крызіс на мяжы, а ў інтэрвʼю BBC прызнаў, што ягоныя службы маглі дапамагаць мігрантам трапіць у Беларусь, але «выключна на покліч сэрца», таму пра аніякі арганізаваны трафік людзей не йдзецца.Падарожжа на беларускую мяжу, коштам да € 15 тысяч еўраў. І бясплатнае – назад у Багдад.

Ужо ўдалечыні беларускіх сілавікоў, якія стаялі за спінай – грамадзяне Іраку распавядаюць, што перажылі: «Я правёў у лесе 10 дзён. Аж пакуль я не захварэў, моцна захварэў, маё цела ўсё хворае. Нас вярталі праз мяжу ў Беларусь, нас змушалі пераходзіць зноў, перакідвалі ў Літву. Я быў адзін і я вярнуўся».

«Беларускія вайскоўцы кажуць, што забяруць цябе ў Польшчу, але замест гэтага яны дастаўляюць цябе ў Літву. Яны забіраюць сім карту, пакідаюць цябе ў лесе і гавораць, што трэба ісці. А выжывеш ты, ці памрэш – гэта твая праблема. Яны забралі нашу ваду і выкінулі нас у лес», – распавялі эвакуяваныя з беларускай мяжы.

460 асобаў, частка з якіх вярнуліся дадому, частка – мусяць прайсці лячэнне ў стацыянарах. Запланаваны на сёння новы эвакуацыйны рэйс з раскладу знік. На мяжы надалей застаюцца тысячы мігрантаў. Лагер ля пераходу «Брузгі» яны пакінулі. У еўрапейцаў сітуацыя першая ў павестцы.

«У нас пераходны перыяд ва ўрадзе, аднак мы хочам вырашыць бягучыя праблемы. Ёсць трывожныя падзеі, якія датычаць інцыдэнтаў на межах Беларусі з Польшчай, Латвіяй і Літвой. А таксама Расеі з Украінай. Ёсць неабходнасць у абмеркаванні», – словы Ангелы Мэркель.

Дзяржсакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг звязаў сітуацыю на мяжы Беларусі з нарошчваннем вайсковай прысутнасці расейскіх войскаў на мяжы з Украінай.

«У гэтых праблемаў ёсць адна агульная рыса… Найлепшы спосаб справіцца з імі – абʼяднацца. Паўночная Амерыка і Еўропа разам у НАТО ў стратэгічнай салідарнасці», – заявіў Стольтэнбэрг.

Агарадзіцца ад Расеі… а таксама Беларусі… такое рашэнне бачаць цяпер ва Украіне, называючы гэта – аддзяленнем ад агрэсара.

«Мы павінныя з вамі выразна акрэсліць і закласці ў бюджэт наступнага году неабходныя кошты дзяржаўнай мяжы ў двух крытычна неабходных частках – з Расеяй і Беларуссю. (…) Украіна гатовая да магчымай сітуацыі прарыву мігрантаў з Беларусі на сваю тэрыторыю», – заявіў міністр унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі.

Польшча з 21-га лістапада мае намер закрыць для грузавых цягнікоў чыгуначны пераезд у пункце «Кузніца – Брузгі». Паведамленне пра гэта атрымалі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі. Пад пытаннем – выкананне шматмільярдных транзітных кантрактаў, у тым ліку ў інтарэсах Кітаю і Расеі.

Лукашэнка і Пуцін, якія афіцыйна абʼядналі памежную палітыку, зноў абмяркоўвалі сітуацыю на памежжы. Віну за крызіс звальваў на краіны Захаду, але афіцыйна заявіў, што Еўразвяз павінен мець зносіны з Менскам без удзелу Расеі. За акіянам жа не сумняваюцца – рэпрэсіі ўнутры Беларусі непасрэдна звязаныя з крызісам на мяжы.Узра Зея, намесніца дзяржсакратара ЗША:

«Намаганні рэжыму Лукашэнкі скіраваныя на тое, каб адцягнуць увагу міжнароднай супольнасці ад жахлівых злоўжыванняў, якія ён працягвае здзяйсняць супраць беларусаў, бяздушна і бесчалавечна арганізуючы незаконныя міграцыйныя плыні праз свае межы».

З падобных прычынаў у сталіцы Літвы прайшла акцыя супраць перамоваў спадарыні Мэркель з Лукашэнкам.

«Толькі ўзмацненне санкцыяў, толькі высоўванне ўльтыматумаў, што калі не будзе скончаны акт тэрору з выкарыстаннем мігрантаў, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, ніякіх перамоваў, толькі ўзмацненне санкцыяў», – лічыць удзельнік акцыі Андрэй Шарэнда.

Да пратэсту ў Вільні далучыліся таксама расейцы. Сузаснавальнік Форуму свабоднай Расеі Іван Цютрын выказаў меркаванне:

«Цяпер Лукашэнка атрымлівае пэўныя козыры. Хачу падкрэсліць, што гэта ініцыятыва не толькі беларускага боку. Я ўпэўнены, што гэткую нахабную акцыю і пагрозу сістэме бяспекі Еўразвяза наўрад ці Лукашэнка рызыкнуў бы ажыццявіць без падтрымкі расейскага боку».

Апазіцыя перасцерагае Еўропу, што размаўляючы з дыктатарам яна легітымізуе ягоную ўладу.

Юлія Цяльпук, «Белсат»