Чаму экспарт у Еўропу расце, а ў Расею змяншаецца?


Беларусь прадае за мяжу менш тавараў, чым набывае, на паўтара мільярда долараў. Гэтак вынікае са звестак Белстату за 9 месяцаў гэтага года.

Паводле статыстыкі, беларускі экспарт у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам павялічыўся на 36,1 % і склаў 28,1 мільярдаў долараў. Рост імпарту склаў 28,5% ці 29,6 мільярдаў долараў.

«Паўтара мільярда долараў – гэта мала. Калі браць ВУП 60 мільярдаў долараў – гэта да 3 % ВУП, гэта ўсё нармальна. Тым больш, калі мы паглядзім на станоўчае сальда гандлю паслугамі – у нас будзе плюс. І гэта тое, што з’яўляецца наступствам незвычайна добрага попыту на тавары традыцыйнага беларускага экспарту», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле Белстату, значны рост экспарту з Беларусі заўважны і ў тыя краіны, што ініцыявалі санкцыі супраць беларускага рэжыму, і ў нашыя еўрапейскія краіны-суседкі. А ў Нідэрланды экспарт павялічыўся ў пяць разоў, ці на 410 адсоткаў. Але ў гэтых лічбах няма нічога незвычайнага, лічыць эканаміст Леў Марголін, бо еўрапейскія краіны купляюць у Беларусі нафтапрадукты.

«Мы проста выконваем ролю пасярэдніка паміж Расеяй і гэтымі краінамі. Калі б Расея не давала нам больш таннай сыравіны, то і тут бы мы пацярпелі фіяска», – кажа Леў Марголін.

Экспартуе ў Еўропу Беларусь, апроч прадуктаў нафтаперапрацоўкі, тавары хімічнай прамысловасці, у тым ліку ўгнаенні, прадукты дрэва- і металаапрацоўкі. Усход жа чакае ад нашае краіны толькі прадукцыі сельскай гаспадаркі ды некаторых галінаў машынабудавання, але канкурэнтаздольнасць беларускіх тавараў там пастаянна зніжаецца.

«Шмат якія заходнія прадпрыемствы і ўсходнія будуюць на тэрыторыі Расеі свае аддзяленні, і гэта атрымоўваецца значна лепш паводле якасці – і не даражэй за беларускія тавары», – кажа Леў Марголін.

Слабую канкурэнцыю ўтварае і беларуская сельская гаспадарка, якой не стае інвестыцыяў. Але і рост гандлю з Захадам – не вынік адмысловай эканамічнай палітыкі Беларусі, падкрэслівае Яраслаў Раманчук.

«Калі Лукашэнка бачыць гэтыя лічбы, ён думае, што гэта ўсё рэальпалітык: як бы ні казалі, што б ні грукалі палякі ці Брусель – але тавары працягваюць купляцца. І ён упэўнены ў тым, што гэта такая палітыка двайных стандартаў, калі адна справа, што робяць палітыкі, а другая – што робяць бізнесоўцы», – кажа Яраслаў Раманчук.

Але з новага года пачнуць дзеяць санкцыі, могуць змяніцца кошты і попыт на беларускія тавары ў Еўропе. І сітуацыя ў замежным гандлі ды ў эканоміцы нашае краіны, якая не мае мэтанакіраванай прамысловай палітыкі, можа таксама радыкальна змяніцца, адзначаюць эканамісты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»