Як выглядае прыхаваная мабілізацыя?


Міністэрства абароны заклікала грамадзянаў не хвалявацца праз выклікі ў ваенкамат. Маўляў, гэта звычайнае звяранне звестак. І ніякай мабілізацыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ёсць фэйкавая інфармацыя, якія публікуецца цяпер у інтэрнэт-каналах, непраўдзівая. Няма ніякіх падставаў для занепакоенасці. Грамадзяне будуць проста выклікацца ў вайсковы камісарыят, іхныя звесткі будуць удакладняцца, і яны будуць вяртацца на месца працы або месца жыхарства. Мабілізацыя ў Рэспубліцы Беларусь не праводзіцца» – заявіў падпалкоўнік Аляксандр Шальпук з Галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Мінабароны.

Між тым крыніцы «Нашай нівы» паведамляюць, што мабілізацыя ў Беларусі – справа вырашаная.

«Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне не заяўляць пра мабілізацыю публічна. Гэта было зроблена з улікам наступстваў такога рашэння ў Расеі. “Схаваная мабілізацыя” будзе праходзіць пад выглядам праверкі баяздольнасці часцей і выкліку вайсковаабавязаных на зборы, якія ў народзе вядомыя як “набор у партызаны”», – піша «Наша Ніва».

Паводле выдання, позвы пакуль атрымліваюць жыхары невялікіх гарадоў. Выклікаюць кіроўцаў, тэхнічны і тылавы персанал. Пра рассылку позваў і адпраўленні на зборы паведамляюць і іншыя беларускія выданні. Аднак падпалкоўнік запасу ўкраінскай арміі Мікола Саламаха мяркуе, што болей увагі трэба звяртаць на палігоны і вайсковыя часткі, а не на ваенкаматы.

«Калі адбываецца разгортванне частак і аддзелаў да штатаў ваеннага часу, то гэтыя часткі ўкамплектоўваюцца да стоадсоткавага штату, а гэта прымета таго, што гэтыя часткі рыхтуюцца да выканання баявых задачаў», – кажа Мікола Саламаха.

Адначасова з захоўвання звычайна здымаюць баявую тэхніку. Такую ціхую мабілізацыю ладзіў Савецкі Саюз перад сваім нападам на Фінляндыю ды акупацыяй краінаў Балтыі, адзначае эксперт.

«Разгортваліся часткі на пэўнай тэрыторыі, якія пад выглядам вучэнняў укамплектоўваліся асабовым складам да поўнага стану, адбывалася баявое згуртаванне, а потым гэтыя часткі пасля вучэнняў перакідваліся ў месцы выканання баявое задачы», – тлумачыць Мікола Саламаха.

Прыкметы прыхаванай мабілізацыі могуць быць заўважныя нават у крамах. Калі рэзка расце попыт на пэўныя тавары.

«Калі нехта спрабуе закупацца вайсковаю формаю. Бо патрэбная палявая форма. Або пачынае скупляць спецыфічныя тавары, патрэбныя вайскоўцам. Кансервы, вайсковыя боты. Вось гэта будзе маркерам прыхаванай мабілізацыі», – сцвярджае эксперт «Defence Express» Іван Кырычэўскі.

Шмат якія беларусы бачаць нядобрае ў тым, што адбываецца. І часцей звяртаюцца ў фонд «BYSOL» па дапамогу ў выездзе з краіны.

«З самога пачатку вялікай вайны паміж Расеяй і Украінай мы атрымалі каля 15 тысячаў такіх заявак, з іх каля дзвюх тысячаў – за апошні час. Гэта даволі моцны рост колькасці людзей, якія хочуць выехаць, каб не ўдзельнічаць у вайсковых авантурах Пуціна і Лукашэнкі», – кажа Андрэй Стрыжак, заснавальнік «BYSOL».

Сам Андрэй Стрыжак сумняецца, што Лукашэнку хопіць рэсурсаў для сапраўднай мабілізацыі ды вайны. Але выезд ваеннаабавязаных за мяжу лічыць карысным: у рэжыму застаецца меней жаўнераў і падаткаплатнікаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»