Украіна разглядае магчымасць набываць электраэнергію з БелАЭС, на якую раней наклала эмбарга


Украіна можа аднавіць энергетычную супрацу з Аляксандрам Лукашэнкам. Перамовы пра пастаўку электраэнергіі з 11-га да 13-га кастрычніка ў беларускім Міністэрстве энергетыкі вёў віцэ-прэзідэнт украінскага «Энергаатаму». Пра візіт у Менск лідара дзяржаўнай кампаніі, якая кіруе ўкраінскімі АЭС, паведаміла экспертка ў галіне энергетыкі Вольга Кашарная.

«Гаворка пра імпарт 900 мільёнаў кілават-гадзінаў электраэнергіі ды, як мне сёння дадаткова паведаміла гэтая крыніца, пра імпарт у снежні», – Вольга Кашарная.

За беларускую электрычнасць Кіеў заплаціць больш за 100 мільёнаў долараў, мяркуе Вольга Кашарная. Дамову могуць заключыць на два месяцы. На запыт «Белсату» пра планы аднавіць пастаўкі электрычнасці з Беларусі «Энергаатам» пакуль не адказаў. Раней Міністэрства энергетыкі Украіны зняпраўдзіла інфармацыю пра магчымы імпарт электрычнасці з Беларусі.

«Для планавага праходжання ацяпляльнага сезону ў Мінэнерга пытанні камерцыйнага імпарту з Расеі і Беларусі не разглядаюцца. Мінэнерга звярталася да НКРЭКП з прапановаю забараніць імпарт з Расеі і Беларусі», – адказваюць у Міністэрстве энергетыкі Украіны.

Набываць электрычнасць у краінах, якія не ўваходзяць у створаную Еўразвязам энергетычную супольнасць, Украіна адмовілася 26-га траўня. Тэрмін дзеяння эмбарга – да 1-га лістапада. Да 2023-га года Украіна хоча цалкам адключыцца ад энергасістэмы Расеі і Беларусі.

«Рыхтаванне да аддзялення трывае, і першае з другім не звязанае. То бок захада для падрыхтоўкі – гэта захада для падрыхтоўкі, а неабходнасць прайсці пэўны пікавы перыяд – гэта неабходнасць прайсці пэўны пікавы перыяд», – лічыць дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка.

Набываць энергію ў суседа, які раней абвінаваціў Кіеў у рыхтаванні «тэрарыстаў», Украіну падштурхоўвае энергетычны крызіс. Рыхтуючыся да зімы, цеплаэлектрастанцыі закупілі ў чатыры разы менш вугалю, чым планавалі. Прычынаю дэфіцыту стаў рэзкі скачок ужывання электраэнергіі ў Еўропе. Ён прывёў да падаражэння вугалю і газу. Ва ўкраінскім урадзе ўжо гучалі прапановы замест дарагога паліва набыць больш таннае ў суседа.

«Мы набываем электраэнергію ў Лукашэнкі за валюту. Ён вяртае дзяржаўны крэдыт Расейскай Федэрацыі, а яна набывае за гэтыя грошы ўзбраенне, каб забіваць нашых на фронце. Як маці жаўнера і цешча афіцэра я з гэтым не згодная!», – кажа Вольга Кашарная.

На думку Вольгі Кашарнай, энергію Кіеў намагаецца набываць з Астравецкай АЭС, пабудаванай за расейскі крэдыт. Еўрапейскія саюзнікі Украіны – Літва і Польшча – не лічаць БелАЭС адпаведнаю стандартам бяспекі. Чарговы раз прэзідэнт Літвы выступіў супраць таго, каб энергія адтуль трапляла на еўрапейскі рынак.

«Мы не толькі на піку арганізаванай беларускім рэжымам гібрыднай атакі, але і жывём побач з пабудаванай каля мяжы небяспечнаю Беларускай АЭС. Ціск на рэжым, каб ён выконваў міжнародныя патрабаванні ядравай бяспекі, не мусіць слабець», – лічыць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Пасля запуску АЭС Беларусь зможа выпрацаваць у паўтара разу больш энергіі, чым трэба беларускім спажыўцам. Пасля трох месяцаў перапынку першы энергаблок запусцілі 4-га кастрычніка. Паводле міністра энергетыкі, запусціць другі плануюць налета.

Аляксандр Папко, «Белсат»