Лойд Остын з візітам у Кіеве


Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць Украіну ў канфлікце з Расеяй і будуць умацоўваць стратэгічнае партнёрства паміж дзвюма краінамі. Пра гэта заявіў кіраўнік Пентагону Лойд Остын падчас візіту ва Украіне.

Працягваецца знакавы візіт міністра абароны Злучаных Штатаў у постсавецкія краіны, што пацярпелі ад агрэсіі Расеі. Пасля афіцыйнага візіту ў Грузію кіраўнік Пентагону Лойд Остын ва Украіне сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і міністрам абароны Андрэем Таранам. Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць Украіну ў канфлікце з Расеяй і будуць умацоўваць стратэгічнае партнёрства паміж дзвюма краінамі.

«Давайце наўпрост казаць, што Расея пачала гэтую вайну і Расея – той камень, што перашкаджае мірнаму ўрэгуляванню. Яны пачалі парушаць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны. Мы будзем са свайго боку рабіць усё магчымае, каб падтрымаць намаганні Украіны, развіваць яе здольнасці ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці», – сказаў Лойд Остын.

Падчас візіту Лойда Остына ў Грузію напярэдадні падпісалі двухбаковы мемарандум аб партнёрстве ў галіне абароны. Украіна, як і Грузія, мае тэрыторыі, акупаваныя Расеяй. З 2008-га года акупаваныя Паўднёвая Асеція і Абхазія. З 2014-га працягваецца канфлікт на ўсходзе Украіны. Таксама Расея анексавала Крым.

21-га – 22-га кастрычніка Лойд Остын возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў абаронных ведамстваў краінаў НАТО ў Бруселі.

Прэзідэнта Чэхіі пазбавілі паўнамоцтваў

Камісія Сенату Чэхіі ў справе Канстытуцыі і парламенцкіх працэдураў запрапанавала пазбавіць 77-мігадовага Мілаша Зэмана прэзідэнцкіх паўнамоцтваў праз стан здароўя. Паводле высновы дактароў Цэнтральнага вайсковага шпіталю, у рэанімацыі якога застаецца Мілаш Зэман, прэзідэнт не здольны выконваць сваіх функцыяў.

«Згодна з меркаваннем шпіталю вайсковага ўніверсітэту, улічваючы характар асноўнай хваробы, доўгатэрміновы прагноз для здароўя прэзідэнта Мілаша Зэмана ацэньваюць як скрайне нявызначаны, і ў выніку імавернасць вяртання да працы ў наступныя тыдні ацэньваюць як малаверагодную», – паведаміў інфармацыю ад лекараў спікер сенату Чэхіі Мілаш Выстрчыл.

Рашэнне перадаць паўнамоцтвы прэзідэнта прэм’ер-міністру краіны і старшыні ніжняй палаты парламенту Сенат мае прыняць да 8-га лістапада, то бок да склікання новай палаты дэпутатаў.

Хунта ў Мʼянме вызваляе палітвязняў

Пад міжнародным ціскам вайсковая хунта ў М’янме вызваліла сотні палітычных вязняў, цытата, «з гуманітарных меркаванняў». Усяго плануюць вызваліць больш за пяць з паловаю тысячаў чалавек. Усе яны былі арыштаваныя падчас пратэстаў супраць вайскоўцаў, якія захапілі ўладу пасля перавароту сёлета ў лютым. Вызваленыя павінны будуць падпісаць дакумент, у якім абавязваюцца не здзяйсняць ніякіх актаў гвалту супраць краіны.

«Маю сястру арыштавалі, бо хтосьці паскардзіўся на яе, яна выдае кнігі. Яе арыштавалі з выкарыстаннем паліцэйскіх машынаў і вайсковых грузавікоў. Я спадзяюся, яе адпусцяць, яе чакаюць двое дзяцей. Я хачу, каб яна вярнулася як найхутчэй», – сястра палітзняволенай чакае перад будынкам турмы.

Вызвалілі палітычных вязняў пасля таго, як кіраўнік хунты генерал Мін Аўн Ляйн не здолеў трапіць на саміт краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі, запланаваны на канец кастрычніка. Замест яго ад Мʼянмы запрасілі «непалітычнага» дзеяча, які не належыць ні да адной групоўкі. Сам генерал называе вінаватым у гвалце ў краіне апазіцыйны ўрад і ўзброеныя этнічныя групоўкі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»