Ці можна лічыць «эканамічна абаснаванымі» тарыфы на ацяпленне ў Беларусі?


Восеньскія халады абрынуліся, як заўжды, неспадзявана. Але ў Міністэрствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі папярэджваюць: бліжэйшым часам батарэі цёплымі не стануць. Намеснік міністра Генадзь Трубіла днямі сказаў, што раней за кастрычнік чакаць ацяплення не варта. Маўляў, а раптам яшчэ на вуліцы пацяплее.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Мы спыталіся ў нашых гледачоў, як яны пачуваюцца ў халодных дамах. І вось якія меркаванні атрымалі:

«Дома – дубак, “дзякуй” усім, хто праектаваў панэльныя дамы і тым, хто палічыў, што вонкавыя сцены не трэба ўцяпляць. Каб і ў іх было гэтак жа камфортна!»

«У кватэры халодна, грэюся ці прыборкаю, ці пад пледам. “Дармаед” ёсць, з’ехаў у 2020. У студзені гэтага года аплата двухпакаёвай 140, за жнівень – 70».

«Ну, няма яшчэ цяпла. А чаго выць? Не мінус 20 жа. Адзеліся цяплей, і нармальна!»

Але добрая навіна: ацяпленне пакуль не падаражэе.

«Цэны на паліва засталіся ранейшымі, таму ніякіх сурʼёзных пераўтварэнняў у частцы павышэння цаны не будзе. Але пытанне ў тым, што эканоміць сапраўды трэба», – сцвярджае намеснік міністра Генадзь Трубіла.

Мінулаю зімою ў Беларусі павысіліся тарыфы: на электрычнасць – на 10,9%, на газ – 11,9%, на ваду – 14,2%, на вываз смецця – 13,5%. З лета кошты на ацяпленне меліся вырасці, але гэтага не адбылося.

Анастасія Лузгіна, экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, лічыць адною з прычынаў – і гэта ўжо афіцыйна прызнаў урад – тое, што ў краіне склалася і без таго няпростая сітуацыя з даходамі насельніцтва. То бок – яны зніжаюцца ў рэальным выражэнні. Але, як адзначыла экспертка, «ЖКГ расце на 5 долараў. Вось яна, у прынцыпе, на 5 долараў і вырасла».

Агульны тарыф на ацяпленне ў Беларусі – 21 рубель 75 капеек за адну гігакалорыю. Але яе сабекошт, як сцвярджаюць у Міністэрстве камунальнай гаспадаркі, – каля 118 рублёў, а астатняе даплочвае дзяржава. «Напоўніцу» змушаныя плаціць тыя, хто мае ва ўласнасці больш за адно жытло; грамадзяне, у якіх зарэгістраваныя прадпрыемствы або юрыдычныя асобы, а таксама незанятыя ў эканоміцы. Вось для іх ацяпленне падаражэе прыкладна ў 5 разоў. Адкуль жа такая разбежка? І што ўвогуле такое «эканамічна абаснаваныя тарыфы»? На думку эканаміста Аляксея Харкевіча, адказу на апошняе пытанне не ведаюць нават тыя, хто і прыдумаў гэткі выраз.

«Класічная схема такая: ты лічыш выдаткі, колькі гэта ўсё каштуе. Налічваеш нейкі прыбытак, амартызацыю, закладаеш нейкія падаткі. І вось так выходзіш на кошты. У нас жа ніколі такога ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы не было. Гэта, увогуле, сума, узятая нейкім чынам са столі!», – патлумачыў адмыслоўца.

Тым часам базу так званых дармаедаў з верасня папоўнілі. У яе трапілі тыя, хто не змог пацвердзіць сваю занятасць за другі квартал гэтага года. І яшчэ тыя, хто з розных прычынаў зʼехаў за межы Беларусі. Ім давядзецца заплаціць у пяць разоў болей за тое, чым яны не карыстаюцца. Мы спрабавалі ўзяць каментар у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але па розных тэлефонах чулі толькі адно: гудкі. Доўгія-доўгія. Як чаканне беларусамі цяпла.

Марына Яновіч, «Белсат»