Чаму краіны Балтыі і Польшча забаранілі ўезд расейскім турыстам і ці чакае гэта беларусаў?


Пра тое, што краіны Балтыі і Польшча дамовіліся забараніць уезд расейскім турыстам, было абвешчана сёлета ў пачатку верасня ў сумеснай заяве афіцыйных прадстаўнікоў Літвы, Латвіі, Эстоніі ды Польшчы. Нагодаю стала пагроза нацыянальнай бяспецы, якую ўбачылі ў тым, што тры чвэрці грамадзян Расеі падтрымліваюць ваенную агрэсію ва Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Свабоднае перамяшчэнне грамадзянаў краіны-агрэсара назвалі непрымальным. Бо акрамя гвалту і забойстваў расейскімі вайскоўцамі грамадзянаў Украіны, ёсць сведчанні агрэсіі расейцаў і ў краінах Еўропы.

Выключэнне зрабілі для сямейнікаў грамадзянаў Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, уладальнікаў відаў на жыхарства гэтых краінаў, кіроўцаў міжнароднага транспарту, дыпламатаў ды тых, хто едзе транзітам у Калінінградскую вобласць. Не закране забарона і расейцаў, якія мінаюць межы Еўразвязу з гуманітарных прычынаў.

«У прынцыпе, адсякаюцца менавіта турыстычныя візы, адсякаецца тое, што называецца каўбаснай эміграцыяй, каўбасным турызмам. Людзі, якім у прынцыпе пофігу, што там ва Украіне, яны нядрэнна ў Расеі жывуць, адпачываюць дзе-небудзь у Ніцы. Трэба шмат чаго мяняць, у тым ліку свядомасць людзей. Не працавалі гэтыя абмежаванні раней, расейцы працягвалі ездзіць па ўсім свеце», – кажа палітычны ўцякач з Расеі Цімафей Дмітрошкін.

«Усяго б гэтага не здарылася, мы б цяпер не сядзелі, не разважалі пра гэта, калі б Уладзімір Пуцін не адважыўся б здзейсніць гэтую памылку і напасці на суседнюю краіну. Праблема ў першую чаргу ў дыктатары, які ўжо вельмі засядзеўся на сваім троне. Мы, быўшы тут, у Еўропе, не сядзім спакойна, не глядзім на ўсё проста так, не крыўдзім украінцаў. Наладжваем сувязі і нават збіраем на гэтым тыдні сродкі на добраахвотніцкіх полк імя Кастуся Каліноўскага», – дадае палітычны ўцякач з Расеі Цімафей.

У той жа час нашыя суразмоўцы кажуць, што атрымаць гуманітарную візу расейцу вельмі складана. Колькасць запытаў такая, што еўрапейскія амбасады проста не спраўляюцца. Варта адзначыць, што абмежаванні ў адносінах расейцаў дзеяць толькі для вонкавай мяжы ЕЗ. То бок з іншых краінаў Шэнгенскай зоны заехаць у Літву, Латвію, Эстонію ці Польшчу грамадзяне Расеі змогуць. Нашыя карэспандэнты пабывалі на мяжы Літвы і Беларусі. І паводле кіраўніка памежнай службы Літвы Рустамаса Любаеваса, «з 00:00 да 9:00 на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі не пусцілі 11 грамадзянаў РФ. Пераважна гэта грамадзяне, якія выязджалі з Калінінградскай вобласці. Асаблівых праблемаў не было».

Між тым, шэраг дзяржаўных расейскіх і беларускіх рэсурсаў ужо паспеў напісаць, што забарона на ўезд паводле шэнгенскіх візаў у краіны Балтыі ды Польшчу датычыць і беларусаў. Што праўда, БелТА са спасылкаю на беларускае МЗС ужо зняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Але ці магчымыя такія абмежаванні ў будучыні?

«Літаральна праз некалькі дзён будзе сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнткай Еўракамісіі Урзуляй фон дер Ляйен. Там будзе абмяркоўвацца не толькі, каб не забараняць беларусам шэнгенскія візы, але і каб спрашчаць адпаведныя працэдуры», – кажа прадстаўнік аб’яднага кабінету Валер Кавалеўскі.

Выступае супраць забароны візавых абмежаванняў для беларусаў і літоўскае МУС.

«Гэта нашая моцная пазіцыя. Мы разумеем, што павінныя падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, таму што яны ў цяжкіх абставінах і гэта нашая адказнасць дапамагаць ім», – распавядае міністарка МУС Агне Білатайте.

Могуць беларусы мінаць мяжу з Еўрапейскім Звязам і паводле працоўных візаў. Кіроўцы дальніх рэйсаў з Беларусі тлумачаць:

«У Беларусі працаваць немагчыма. За адзін рэйс я атрымліваю колькі мая жонка за месяц».

Што ж датычыць праблемаў з атрыманнем польскіх шэнгенскіх візаў на тэрыторыі Беларусі, прадстаўнік польскага МЗС Лукаш Ясіна кажа, што праблема ў дзеяннях рэжыму Лукашэнкі. У польскай амбасадзе ў Беларусі засталося вельмі мала супрацоўнікаў, аднак пытанне спрашчэння выдачы візаў беларусам прапрацоўваецца Польшчай і цягам некалькіх месяцаў можа быць вырашанае.

Шэнгенскае пагадненне гарантуе свабоднае перамяшчэнне па ўсёй тэрыторыі дзяржаваў, якія ў яго ўваходзяць. Пытанні ж уезду праз вонкавыя межы Еўразвязу кожная краіна рэгулюе самастойна. Напрыклад, Фінляндыя, якая таксама мяжуе з Расеяй, не далучылася да забароны на ўезд расейскіх турыстаў. Але ў 10 разоў скараціла колькасць выдадзеных візаў.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»