Як беларусы шукаюць скарбы. Рэпартаж са старажытнага замчышча

Прыгожая і багатая на скарбы зямля беларуская. Хто не марыў знайсці «клад»: золата, каштоўнасці, грошы?.. Цяпер гэта можна зрабіць легальна. Больш за тое, скарбашукальнікаў навучаць, як лепш капаць – і як не прапусціць годнае знаходкі. Дый нават пакажуць месца, дзе ляжаць каштоўнасці.

«Гэты помнік археалогіі называюць самым каштоўным у Беларусі. Па-першае, яго плошча 40 гектараў: колькі б мы ні капалі, нашым нашчадкам на 300 гадоў хопіць працы. Па-другое, гэта ці не адзінае замчышча, якое ў X ст было горадам», – распавёў «Белсату» краязнаўца Глеб Лабадзенка.

Да таго ж, заможным горадам. Жыхары добра мелі з наладжанага гандлю са скандынавамі ды Візантыяй. А таму цяпер даследнікі спадчыны нашых продкаў могуць пахваліцца статуснымі знаходкамі:

«Самая цікавая знаходка – найстарэйшая ва Усходняй Еўропе шахматная фігура – конь пачатку XI ст. Чым ён для нас каштоўны? Мы гулялі ў шахматы тады, калі не было ні Масквы, ні Варшавы, ні Берліну, ні Рыгі. А тут сядзелі нашыя продкі і гулялі ў шахматы».

Сёлета ўпершыню з ініцыятывы Акадэміі навук зладзілі раскопкі на левым беразе Дунаю каля замчышча. Першы дзень ужо прынёс цікавыя знаходкі: стралу, ґузік, жалезныя вырабы й бронзавыя аздобы. Археолагі адзначаюць, што тут найбагацейшы культурны пласт, да якога нават не трэба глыбока капаць – ужо на глыбіні 20 см ляжаць скарбы.

«Раскопкі тут на Менцы вядуцца з 30-х гадоў. Яны трагічна абарваліся, калі ў 1937 годзе ўсіх археолагаў расстралялі, яны ўсе палеглі ў Курапатах. Пасля вайны працы аднавіліся і ідуць амаль бесперапынна да сёння», – распавядае Лабадзенка.

Але археолагі яшчэ не знайшлі самых каштоўных, на іхную думку, скарбаў: мяча, шлема – так званых адзнакаў княскае ўлады. Можа, у гэтым пашчасціць навічкам? Да раскопак могуць далучыцца ўсе ахвочыя! А дадатковы бонус для ўдзельнікаў – бясплатнае наведванне з аўдыягідам музею «Стары Менск».

Археолагі знайшлі пахаванне ў цэнтры касцёлу ў Мсціславе. Магчыма, гэта ахвяры Трубяцкой разні

Вольга Старасціна, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама