У Беларусі сабралі каля 10 000 мігрантаў для штурму мяжы з Еўразвязам


Да 10 тысячаў мігрантаў сабраныя ў Беларусі для прарыву мяжы на Захад – паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Нелегальная міграцыя стала не толькі сродкам заробку для крымінальных структураў, але й спосабам правакацыі ўзброенага канфлікту. З людзей зрабілі жывыя шчыты.

«Гэта будуць ядравыя матэрыялы, гэта будзе наркатрафік, ён пойдзе далей», – папярэджвае пра дзеянні Лукашэнкі Павел Латушка.

Савет Бяспекі Беларусі распрацаваў спецаперацыю, дзе ад тысячы да 2 тысяч нелегальных мігрантаў мусяць адначасова прарывацца ў Еўразвяз з беларускай тэрыторыі – паведаміў «Белсату» Павел Латушка, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Ўпраўлення:

«Гэта павінна было справакаваць ваенны канфлікт з ужываннем зброі, са стралянінай, каб паказаць нестабільнасць на межах Еўразвязу. Гэтую спецаперацыю распрацоўвалі па даручэнні Лукашэнкі. Наколькі мы маем інфармацыю – не без удзелаў аднаго з суседніх партнёраў Лукашэнкі».

Паводле інфармацыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, у падрыхтоўцы правакацыі ўдзельнічае КДБ і ручны спецназ Аляксандра Лукашэнкі – падраздзяленне Дзяржаўнага памежнага камітэту АСАМ. Яго раней узначальваў брат старшыні КДБ Юрый Церцель, там служылі сыны Лукашэнкі Віктар і Дзмітрый.

«Па нашых звестках, на тэрыторыі Беларусі ўжо назапашана ад 7 да 10 тысячаў патэнцыйных нелегальных мігрантаў… Каардынацыяй аперацыі займаецца асабіста генерал Віктар Лукашэнка, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, чые людзі наведвалі Афганістан, Пакістан, Туніс, Марока, Ірак і іншыя краіны Блізкага Ўсходу, каб арганізаваць спецыяльную аперацыю», – распавядае Павел Латушка.

Першай пад удар арганізаванай хвалі нелегальнай міграцыі праз Беларусь трапіла Літва. Пасля таго, як літоўцы пачалі спыняць групы парушальнікаў мяжы, не даючы ім прайсці далей, да справы далучыліся беларускія сілавікі.

Hавiны
У Літве паказалі, як беларускія сілавікі здымаюць збіццё мігрантаў «літоўскімі памежнікамі»
2021.08.18 19:45

На гэтым відэа, знятым літоўскімі памежнікамі, бачна, як людзі ў форме і са спецсродкамі парушаюць мяжу з тэрыторыі Беларусі, каб выціснуць у Літву групу мігрантаў.

«Мы бачым, што там не толькі памежнікі стаяць. І ведаем, што былі вучэнні Гарадзенскай памежнай групы, дзе прыцягваліся рэзервісты, якія хутчэй за ўсё і засталіся несці службу ў памежнікаў», – кажа Антанас Мантвідас, намеснік камандуючага Памежнай службы Літвы.

Ад пачатку года ў Літву з Беларусі ў абыход пунктаў пропуску прарвалася больш за 4 тысячы мігрантаў. Пакуль ідзе працэс рэгістрацыі і афармлення, але ўжо больш за 2 сотні такіх мігрантаў атрымалі адмову, распавяла нам кіраўніца літоўскага Дэпартаменту міграцыі. Усе яны распавядаюць пра пошук прытулку ў Еўразвязе.

«Грамадзяне (краіны) Афрыкі, якія ішлі дзесьці, і ў іх забралі пашпарты і прывялі да мяжы Літвы. Вось такая новая гісторыя», – пераказвае словы мігрантаў Эвеліна Гудзінскайце, дырэктарка літоўскага Дэпартаменту міграцыі.

Літоўска-беларуская мяжа. Пункт пропуска Райгардас, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Памежная служба Літвы чакае новых правакацыяў. А на мяжы літоўцы будуюць часовы бар’ер з калючага дроту, які потым заменяць на грунтоўны плот.

«Нам вельмі дапамагае нашая армія, там працуе каля 100 асобаў, якія дапамагаюць будаваць фізічны барʼер. Таксама на гэтым тыдні далучыліся пажарныя… Увесь барʼер складзе 508 км, а самы адчувальны кавалак – 95 км», – распавядае Гіедрус Грышка, дырэктар Дэпартаменту маёмасці МУС Літвы.

Дзеянні рэжыму Лукашэнкі сталі адной з галоўных тэмаў двухдзённай нарады міністраў унутраных справаў дзяржаваў Еўразвязу – у кантэксце інтэграванага адказу на палітычны крызіс. Міністры прапаноўваюць Еўракамісіі скарэктаваць агульнае міграцыйнае заканадаўства.

«Цяпер любая асоба, якая трапіла ў тую ці іншую краіну, можа спадзявацца на працэдуру атрымання прытулку. І некаторыя дзяржавы гэтым злоўжываюць, гэта недапушчальна. Бо падчас гібрыднай атакі краіны-чальцы Еўразвязу мусяць мець права і магчымасць абараняць сваю нацыянальную бяспеку», – патлумачыла міністр унутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

Цяпер мігрантаў, якія прылятаюць у Менск арганізаванымі групамі з Іраку і іншых краінаў Блізкага Ўсходу, беларускія арганізатары скіроўваюць і на Латвію, і на Польшчу. Польскія ўлады скіравалі на ахову мяжы 900 вайскоўцаў, якія ўжо збудавалі больш за 100 кіламетраў агароджы.

«Уявіце сабе, што гэтая мяжа была б не закрытая. Тады б пісталет, які прыставіў спадар Лукашэнка да нашых галоваў, мог бы стрэліць», – заявіў сёння польскі прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі.

Як адзначаюць у Народным антыкрызісным упраўленні, рэжым Лукашэнкі штучна арганізоўвае міграцыйны крызіс у суседзяў адразу з некалькімі мэтамі. У тым ліку каб справакаваць у суседзяў унутраныя палітычныя крызісы, перасварыўшы ўрады з апазіцыяй, і каб прымусіць Еўразвяз да перамоваў аб адмене санкцыяў. Адзіным эфектыўным адказам на такія дзеянні Павел Латушка называе новыя, яшчэ мацнейшыя санкцыі супраць Лукашэнкі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»