Гадавіна смерці Генадзя Шутава


Год таму ў вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў, трэцяя афіцыйна прызнаная ахвяра сілавікоў пры задушэнні пратэстаў.

  • «Такі чалавек быў, што памагаў усім, любіў усіх, асабліва сям’ю, дзяцей».
  • «Харошы ўраўнаважаны чалавек, пяцёра дзяцей, трое дарослых, а цяпер другая сямʼя – тры і шэсць гадоў».
  • «Найдабрэйшай душы чалавек, 15 гадоў яго ведаю, ніколі ні агрэсіі не было, нічога».

Так узгадвалі сябры і родныя Генадзя Шутава на яго пахаванні летась 24 жніўня.

Генадзя Шутава, які разам з сябрам, Аляксандрам Кардзюковым, 11-га жніўня быў у адным берасцейскіх двароў, смяротна параніў вайсковец Раман Гаўрылаў, стрэліўшы з агнястрэльнай зброі ў патыліцу.

Hавiны
«Супраць мірных грамадзянаў выкарысталі ўзброеныя сілы». У судзе назвалі вайскоўца, які забіў Генадзя Шутава
2021.02.16 18:51

У горадзе ў гэты час праходзілі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, і ў застрашванні людзей бралі ўдзел не толькі сілавікі, але і вайскоўцы, адзначае праваабаронца Раман Кісляк:

«Гэта быў акт запалохвання, калі ўзброеныя людзі – як салдаты, вайскоўцы, так і АПАМ, працаўнікі міліцыі, бегалі па вуліцах і дварах Берасця і збівалі ды затрымлівалі грамадзянаў».

Паводле ж афіцыйнай версіі, гэта агрэсіўна настроеныя грамадзяне з арматураю ў руках напалі на працаўнікоў міліцыі – і тым давялося скарыстаць зброю для самаабароны. Гэтай версіі не пацвярджаюць ні відэа з камераў назірання, ні сведчанне Аляксандра Кардзюкова, ні словы іншых сведкаў.

«З балкону я ўбачыла, што тут ляжыць мужчына – і ад яго адыходзіць чалавек у цывільным адзенні. Ён адышоў, і я крычу: «Выклікай хуткую!» – бо бачу, што мужчына не прыходзіць у сябе і ўжо лужына крыві», – распавядала тады «Белсату» сведка здарэння.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

Пасля смерці цела Генадзя Шутава не аддавалі родным некалькі дзён, пахавалі яго ў Жабінцы. А праз паўгода пасля здарэння адбыўся суд. На якім застрэленага і ягонага сябра прызналі вінаватымі ў супраціве працаўнікам органаў унутраных справаў. Аляксандру Кардзюкову, якому ўдалося тады ўцячы ад сілавікоў, прызначылі жорсткае пакаранне:

«Праз сукупнасць злачынстваў канчаткова прызначыць Кардзюкову Аляксандру Генадзевічу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 10 гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму», – гаворыцца ў прысудзе.

Абноўлена
Вярхоўны Суд адхіліў апеляцыю ў справе застрэленага вайскоўцам Шутава. Сведку забойства – 10 гадоў калоніі
2021.05.14 13:21

«Я думала, што апраўдаюць, бо доказаў ніякіх няма. Ні нападу, ні тым больш спробы забойства – гэта поўнае трызненне», – казала пасля суда дачка Генадзя Шутава Анастасія Баранчук.

У траўні Вярхоўны Суд адхіліў апеляцыю ў справе Генадзя Шутава, якую падавала дачка забітага. Але, каб аднавіць справядлівасць, патрэбны новы бесстаронні суд, лічыць Раман Кісляк:

«Сведкаў было вельмі шмат, але чамусьці ў судзе іх не выслухалі. Відавочна, што такі абвінаваўчы ўхіл сведчыць пра адмову ў правасуддзі. Мае быць адменены гэты прысуд і павінна быць сапраўднае расследаванне і сапраўднае судовае разбіральніцтва гэтай справы з прыцягваннем да адказнасці тых, хто ўжыў зброю».

У сённяшніх жа ўмовах ёсць магчымасць абскардзіць прысуд у надглядальным парадку, а таксама звяртацца ў Камітэт правоў чалавека ААН. Крымінальнай справы паводле факту гібелі Генадзя Шутава ў Беларусі так і не распачалі.

Аб’ектыў
Міліцэйскі гвалт узаконілі. Сілавікі не будуць несці адказнасці за ўжыванне сілы і зброі
2021.05.17 22:44

«Белсат»