За апошнія дзесяць дзён прайшло звыш 60 вобшукаў у СМІ


Сёлета ўжо было агулам 108 ператрусаў у рэдакцыях ды іх працаўнікоў, з іх 64 – толькі за апошнія 10 дзён. У тым ліку ў журналістаў «Белсату», «Нашай Нівы», «Радыё Свабода» ды іншых незалежных журналістаў як з Менску, гэтак і з рэгіёнаў.

Следчы камітэт тлумачыць ператрусы датычнасцю СМІ да ценявых схемаў.

«Мэта цяперашняй улады ў Беларусі заўсёды была, каб захаваць ці стварыць манаполію на распаўсюд інфармацыі», – упэўнены намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў.

Учора пасля дзесяці содняў арышту на волю не выйшлі галоўны рэдактар сайту «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзелу маркетынгу і рэкламы выдання Андрэй Скурко і галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» ды двух дзіцячых часопісаў Андрэй Дынько. Стала вядома, што іх вінавацяць у нясплаце камунальных паслугаў. Нібы плацілі за памяшканне паводле тарыфаў для фізічных асобаў, а не юрыдычных. Шкоду ацанілі ў 3500 рублёў. Паводле гэтага крымінальнага артыкулу ім пагражае да 5 гадоў калоніі.

«Гэта ціск на «Нашу Ніву». Тут усё відавочна. Калі адзін артыкул, шукаюць іншы артыкул – ціск на грамадзянскую супольнасць», – лічыць жонка Андрэя Скурко Паліна Скурко.

Ва ўсіх трох медыйнікаў адбываліся ператрусы. Цяпер жонкі атрымліваюць інфармацыю праз адвакатаў.

«Учора павінны былі па законе следчыя мне паведаміць, што майго мужа перазатрымалі, але не паведамілі ані адвакату майго мужа, ані мне. Разумець, што гэта падаўжаецца яшчэ на трое содняў, цяжка. Сёння я адчула тое, што мне таксама з-за гэтай невядомасці цяжка, таму што Андрэй быў маёй самай надзейнай апорай тут», – распавядае жонка Андрэя Дынько Наталля Дынько.

«Акурат такая сітуацыя, што калі выходзяць гэтыя тры дні, калі будуць вызначаць, што будзе з маім Андрэем, у сераду, у нас з ім акурат будзе гадавіна вяселля, 9 гадоў нашага вяселля і паўтары гады нашаму сыночку. Няма, канечне, ніякай сімволікі, проста так супала і ад гэтага яшчэ гарчэй», – абураецца Паліна Скурко.

Цяпер жа праца старонкі «Нашай Нівы» прыпыненая, але працуюць сацсеткі, частка журналістаў працуе з-за мяжы. Да таго ж учора стала вядома, што Беларусь пакінула рэдакцыя магілёўскага парталу 6tv.by. Наш эксперт лічыць, што ўлады сваёй мэты не дасягнуць.

«Аўдыторыя тых сродкаў масавай інфармацыі, тых медыяў, якія зараз зачыненыя, будзе размеркаваная па іншых. Адзінае, што крыху напружвае тое, што расейскія сродкі масавай інфармацыі мімікруюць пад беларускія і карыстальнікам трэба быць вельмі ўважлівымі, каб не апынуцца ў пастцы расейскай прапаганды», – прагназуе Алег Агееў.

Не выйшлі на волю пасля трох содняў з моманту затрымання яшчэ пяцёра журналістаў. Трое з іх – журналісты «Радыё Свабода» Інэса Студзінская, Алег Груздзіловіч і Алесь Дашчынскі. Двое – журналісты «Белсату»: Ганна Галёта і Ігар Ільяш. Абвінавачванне невядомае. Агулам у пятніцу прыйшлі да 18 нашых калегаў.

«Ёсць інтэрнэт, практычна кожны беларус мае смартфон, мы штодня атрымліваем у наш чат-бот масу здымкаў, масу паведамленняў, відэа. Акрамя гэтага, канечне, ёсць міжнародныя інфармацыйныя агенцтвы, ёсць іншыя крыніцы інфармацыі. А нас, трэба памятаць, што нас тут нельга закрыць», – упэўнены намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу за кратамі 34 працаўнікі медыяў.

Яна Шэк, «Белсат»