Валавы ўнутраны прадукт не паказвае росту апошнія два месяцы


Галоўны эканамічны паказнік эканомікі – валавы ўнутраны прадукт – у траўні і чэрвені не паказаў росту.

Гэта можа значыць, што аднаўленне эканамічнай актыўнасці скончылася – лічаць у Еўразійскім банку развіцця. Далей – прагнозы на запавольванне эканомікі, зніжэнне экспарту, рост інфляцыі.

ВУП Беларусі запаволіўся больш чым на траціну цягам двух месяцаў, падлічылі ў Еўразійскім банку развіцця. У першым паўгоддзі ён склаў 3,3% год да года, па выніках году – можа апусціцца да 1,3 %.

«Змяненне ВУП за месяц з выключэннем сезонных ваганняў ацэньваецца ЕАБР каля 0% у траўні і чэрвені. Гэта можа сведчыць аб завяршэнні працэсу аднаўлення эканамічнай актыўнасці. У сувязі з гэтым ЕАБР захоўвае чаканні запаволення росту беларускай эканомікі ў другім паўгоддзі».

Кажучы пра аднаўленне эканамічнай актыўнасці, аналітыкі маюць на ўвазе рост пасля запаволення эканомікі, выкліканага пандэміяй.

Статыстыка Белстату паказала гэты ўздым… Ці пакажа падзенне? Следам за звесткамі па вонкавым гандлі камітэт схаваў статыстыку вытворчасці ў нафтаперапрацоўчы і хімічнай прамысловасці. Прадпрыемствы галіны, як Нафтан, Горадня Азот, Беларуськалій… напярэдадні трапілі пад санкцыі Захаду. Эканаміст Леў Львоўскі лічыць, што гэта працяг кампаніі з арыштамі журналістаў і аблавамі на аналітычныя цэнтры:

«Закрылі інфармацыю ад Белстату… Тое самае ў іншым фармаце адбываецца з Нацыянальным банкам. Усё гэта, натуральна, вядзе да патэнцыйнага пагаршэння ўпраўлення. Калі вы едзеце на машыне без спідометру, то вам значна складаней не трапіць у аварыю».

Грамадскасць яшчэ не бачыла афіцыйных звестак пра рост сваіх даходаў пасля запавольвання эканомікі. Ведаем, што ўгару ідзе інфляцыя, якая разагналася да 9,9 % у чэрвені. Нацбанк планаваў сёлета мець 5 % росту коштаў, але скарэктаваў чаканні на 9 %. Што амаль супадае з прагнозам Еўразійскага банку развіцця (8,7 %).

Каб абмежаваць праінфляцыйныя рызыкі, Нацбанк з 21-га ліпеня ўздымае стаўку рэфінансавання – на 75 пунктаў – да дзевяці з чвэрцю адсотка. Банкам будзе лягчэй. Фізічным і юрыдычным асобам, раней узятыя крэдыты якіх прывязаныя да стаўкі – будзе цяжэй.

«Стаўка рэфінансавання – тая стаўка, пад якую камерцыйныя банкі могуць займаць у Нацбанка. Але мы, пачынаючы з верасня 2020-га года жывем у рэжыме замарзкі, калі Нацбанк заціскае ліквіднасць. Ліквіднасць для камерцыйных банкаў разыгрываецца на аўкцыёнах», – кажа Леў Львоўскі.

Таму атрымліваюць банкі ў разы менш, чым хацелі б заняць. Уплывае такая сітуацыя і на курс рубля, зазначыў кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук:

«Грашовыя паказчыкі застаюцца ў сферы «бліжэй да нуля». Не расце грашовая маса. Не «нахілілі» Нацыянальны банк тыя лабісты, якія прасоўваюць кансерватыўныя дзяржаўныя праграмы. Таму пытанне (пра памер дэвальвацыі – заўв. Рэд.) не да эканамістаў а больш да псіхолагаў… Як адрэагуе ўлада на тыя негатыўныя тэндэнцыі, у якія Беларусь пачала ўжо каціцца».

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей заявіў, што Захад развязаў эканамічную вайну супраць Беларусі. Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка напярэдадні цвердзіў, што наступствы санкцыяў улада «перакрые» дапамогаю Расеі:

«Гэта датычыць крэдытна-фінансавай падтрымкі беларускай банкаўскай сістэмы, страхавання нашых угодаў. У нас няма сумневаў, што ў гэтай частцы падтрымка Расеі цалкам перакрые тыя магчымыя наступствы, на надыход якіх разлічваюць тыя, хто гэтыя санкцыі ўводзіць. Гэта выгадна і Расейскай Федэрацыі».

Па выніках апошняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна Крэмль заявіў, што кампенсуе Беларусі страты ад падатковага манеру, чаго Лукашэнка дамагаўся не адзін год. Якім памер крэдыту для Беларусі – гэтак і не прагучала.

Юлія Цяльпук, «Белсат»