Лясныя пажары, паводкі і жыццё пасля лакдаўну


Прыродныя катаклізмы гэтым летам зноў даюць пра сябе знаць: лясныя пажары ў Сібіры і ЗША, павадкі з сотняй ахвяраў у Нямеччыне і наступствы каронавірусу.

Наймацнейшыя паводкі ў Еўропе

Дажджы на захадзе Еўропы, што сталі прычынаю наймацнейшых паводак, спыніліся. Вада пачала адыходзіць. Нягледзячы на гэта, улады застаюцца ў стане павышанай гатоўнасці. Фінансавы ўрон, нанесены стыхіяй, яшчэ не падлічаны. Толькі ў Нямеччыне праз стыхію загінулі 157 асобаў. Больш за трыццаць чалавек – у Бельгіі. Многія да гэтага часу лічацца зніклымі без вестак, таму колькасць загінулых яшчэ можа павялічыцца.

Лясныя пажары ў ЗША

Лясныя пажары працягваюць бушаваць у ЗША. Адзін з найбуйнейшых ачагоў узгарання цяпер месціцца на паўночным усходзе Кламэт Фолс, штат Арэгон. Паводле ацэнак пажарнікаў, на лакалізацыю полымя могуць пайсці месяцы.

«Гэты пажар уваходзіць у пяцёрку самых моцных пажараў у Арэгоне, і цяпер гэта найбуйнейшы пажар ва ўсіх Злучаных Штатах. Змяншаць тэмпаў ён не збіраецца. Нам будзе вельмі няпроста яго загАсіць, асабліва з улікам засухі, моцнага ветру і ўмоваў надвор’я. На гэты момант у краіне зафіксавана 80 буйнЫх пажараў на тэрыторыі 13-ці штатаў. Паводле Нацыянальнага пажарнага цэнтру, гарыць больш за 470 тысячаў гектараў зямлі. Падчас барацьбы з полымем двое пажарнікаў загінулі» – сцвярджае пажарнік Райн Берлін.

Зноў гараць лясы ў Сібіры

Лясныя пажары бушуюць і ў Расеі. На тэрыторыі краіны цяпер 416 ачагоў полымя. Самая складаная сітуацыя ў Якуціі. У зоне моцнага задымлення цяпер 60 населеных пунктаў рэспублікі, у тым ліку сталіца – Якуцк.

У рэстаран – можна, на працу – нельга

На працу без QR-коду пускаюць не ўсіх. Усё больш расейцаў скардзяцца на тое, што праз адмову рабіць прышчэпку іх звальняюць з працы.

«Прыехалі з кіраўніцтва, пачалі мне казаць пра тое, што гэта трэба і гэтак далей. Я ім кажу: «Я не спрачаюся з вамі наконт вакцынацыі, але сам прышчапляцца я не хачу і не буду. Пасля гэтага яны мне ўручылі загад аб адхіленні» – кажа кіроўца трамвая з Масквы Аляксандр Петухоў.

А ў Маскве ад сёння скасоўваюць сістэму QR-кодаў для паходаў у рэстараны. Дагэтуль у бары і кавярні маглі трапляць толькі наведнікі з прышчэпкай, або з ПЦР-тэстам і тыя, хто перахварэў на ковід менш чым паўгода таму. Праз гэта шмат рэстаранаў былі вымушаныя пайсці на канікулы, або зачыніцца назаўсёды.

Вялікая Брытанія пасля лакдаўну

У Вялікай Брытаніі ад сёння здымаюцца апошнія абмежаванні ў сувязі з ковідам. Больш не дзейнічаюць ліміты на колькасць удзельнікаў вяселляў і пахаванняў. Абмежаванні ў рэстаранах і кавярнях таксама скасоўваюцца, зноў пачынаюць працу начныя клубы. Для масавых імпрэзаў арганізатарам больш не спатрэбіцца сертыфікацыя, а для офісных працаўнікоў больш не дзейнічае рэкамендацыя працаваць з хаты.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»