Якая будучыня чакае адукацыю ў Беларусі?

У Беларусі спецыяльна для малодшага сына Лукашэнкі, які сёлета будзе паступаць, адкрылі новую спецыяльнасць – вывучэнне біятэхналогіі, паводле кітайскай праграмы. Пра гэта паведамляюць крыніцы «МотолькоПомоги».

Тым часам у Вільні пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце прайшла канферэнцыя «На шляху да рэформы сістэмы адукацыі ў Новай Беларусі». Абмеркавалі праблемы навучання ў вышэйшай школе і перспектывы для беларускіх студэнтаў.

Санкцыі Захаду ў дачыненні да Беларусі і Расеі, за развязанне вайны супраць Украіны, могуць выклікаць катастрофу не толькі ў беларускай эканоміцы, але і ў адукацыі ды навуцы. На адмысловай канферэнцыі, прысвечанай праблемам навучання, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова патлумачыла, да чаго вядзе ізаляцыя:

«Беларуская сістэма адукацыі стане ўсё больш і больш падпарадкоўвацца расейскай палітыкі ў галіне адукацыі і гэта значыць для нас такія рэчы як культурная каланізацыя падпарадкаванасць расейскай прапагандзе і гэтак далей».

Беларусі за вайну ва Украіне, як і Расеі, прыпынілі ўдзел у Балонскім працэсе. Для беларускіх студэнтаў гэта азначае абнуленне ўсяго, што было зроблена для пераходу на еўрапейскую сістэму адукацыі: магчымасці навучання паводле абменаў у еўрапейскіх ВНУ, прызнання айчынных дыпломаў у Еўропе. Гэтая страта можа паспрыяць збліжэнню беларускай і расейскай сістэмаў адукацыі.

«Яны хочуць неяк так узяць пад апеку сістэму адукацыі Беларусі, і каб наша сістэма адукацыі стала такой правінцыяй, такой часткай падпарадкаванай сістэме адукацыі і палітыкі​», – распавяла прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Таццяна Шчытцова.

Лукашэнка выключэння з Балонскага працэсу не баіцца. Больш за тое, да першага верасня ён паставіў задачы рэктарам айчынных універсітэтаў: правесці рэформы, каб, цытата, «ачысціць адукацыю ад усяго лішняга і вывесці яе на новы ўзровень».

Па словах эксперта ў галіне адукацыі, навукі і інавацыяў Андрэя Лаўрухіна ў Беларусі не было ніякіх рэформаў. Былі такія імітацыі, такія касметычныя рэформы. Слова рэформа мы чуем амаль кожны дзень, але мы ведаем, што гэта не рэформы, гэта галоўная рэформа каб схаваць вось тую савецкую сістэму.

Студэнты, якія сталі ахвярамі сілавікоў пасля пратэстаў 2020 года, мелі магчымасць з’ехаць у краіны, што маюць спецыяльныя праграмы для рэпрэсаваных студэнтаў. Аднак, напрыклад, урад Чэхіі на пачатку траўня запланаваў абмежаванні для навучання ў чэшскіх ВНУ грамадзянам РФ і Беларусі.

«Беларускія студэнты будуць уцякаць. Калі яны не змогуць уцякаць на захад, яны будуць уцякаць у Расею, таму што для беларускай сістэмы адукацыі ніякіх перспектываў для мадэрнізацыі развіцця і будучыні ну амаль што няма», – адзначае эксперт Андрэй Лаўрухін.

Але не ўсім студэнтам давядзецца пакідаць Беларусь. Так, для сёлетняга абітурыента, малодшага Лукашэнкавага сына Мікалая, кажуць крыніцы «МотолькоПомоги», адкрылі новую спецыяльнасць – вывучэнне біятэхналогіі паводле кітайскай праграмы. Акрамя гэтага – правялі кастынг аднагрупнікаў і выкладчыкаў. Вядома, што ў ягонай групе будуць вучыцца 10 студэнтаў.

Паліна Еўстаф’ева «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама