У Беларусі бракуе больш за 9 тысяч медыкаў


У беларускіх медыкаў – прафесійнае свята. Але сітуацыя ў галіне зусім не святочная. На сайтах вакансіяў зʼяўляюцца ўсё новыя прапановы медыкам, і гэта пры тым, падкрэслівае каардынатарка фонду медычнай салідарнасці Лідзія Тарасенка, што звычайна медычных працаўнікоў шукаюць не праз інтэрнэт, а ўнутраныя каналы.

«Гэта вельмі характэрны спосаб пошуку медработнікаў ува ўсім свеце. І ў нас, паколькі краіна невялікая, гэта заўсёды быў пераважны шлях пошуку працаўнікоў. У гэтым няма нічога кепскага, і я здзіўленая, што вакансіі сталі зʼяўляцца ў шырокім доступе і мы можам на гэта паглядзець. І паверце, што рэальная сітуацыя значна горшая», – кажа Лідзія Тарасенка.

Як вынікае з інфармацыі на спецыялізаваных сайтах пошуку працы, у пачатку красавіка ў медычных установах бракавала каля трох з паловаю тысячаў дактароў, за два месяцы гэтая лічба павялічылася на 250 вакансіяў, а за наступных дваццаць дзён – яшчэ на 150.

Таксама медычныя ўстановы сёння патрабуюць амаль тры з паловаю тысячы медычных сясцёр і больш за дзве тысячы санітараў. Што праўда, пераважная большасць вакансіяў – з заробкам менш за тысячу рублёў.

Змяншаецца і сярэдні даход медыкаў, якія цяпер працуюць. Заробкі падраслі, калі ўвялі ковідныя даплаты, але за апошнія месяцы ковід не настолькі актуальны, і цяпер гэтыя лічбы зніжаюцца. У красавіку ў параўнанні з лютым сярэдні заробак медыкаў зменшыўся на сто рублёў.

Не ратуюць сітуацыі абяцанні пра павышэнне – напярэдадні Дня медыка змены ў аплаце працы анансаваў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, назваўшы іх падарункам ад Лукашэнкі.

«У любым выпадку напярэдадні прафесійнага свята такі ад кіраўніка дзяржавы чарговы нам падарунак, які мы павінны ў тым ліку адпрацаваць на сваіх працоўных месцах», – заявіў Дзмітрый Піневіч.

Лекары масава зʼязджаюць з краіны не толькі праз нізкія заробкі, але і праз звальненні пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле звестак Фонду медычнай салідарнасці, толькі за мінулы год да іх па дапамогу звярнуліся 180 медыкаў, звольненых з палітычных матываў. Рэальная ж лічба звальненняў у разы большая.

«Урад паводзіцца ўсё больш агрэсіўна, і немагчыма ўтрымаць людзей фразамі «вы павінны». Не, вядома, ніхто нічога не павінен, і ўсё больш людзей будзе абіраць зʼязджаць падалей ад усяго дурнога», – лічыць Лідзія Тарасенка.

Найбольшая праблема сістэмы аховы здароўя, кажа Лідзія Тарасенка, – у яе поўным падпарадкаванні дыктатуры, што ўладарыць у краіне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»