Лукашэнка не хоча прымаць самалёты, які лятаюць праз Украіну

Пад час візіту ў менскі дзіцячы шпіталь Лукашэнка паскардзіўся на закрытае неба Украіны. Ён заявіў, што Украіна паступіла гадка: «Мы тут ратуем іх людзей – людзі ні ў чым не вінаваты. Яны закрылі нам пралёт і нам прыходзіцца рабіць крук па 40-45 хвілін, аблятая Украіну, каб патрапіць у Турцыю, Егіпет і г.д.».

Пасля закрыцця еўрапейскімі краінамі, у тым ліку Украінай, свайго неба для Беларусі, яшчэ больш цікавым кірункам для беларусаў сталася Турцыя. З аднаго боку – як адчыненае акно ў Еўропу, а з іншага – як рэдкі дасяжны кірунак для беларускіх чартараў. Цяпер самалёты Беларусі лётаюць у Турцыю праз тэрыторыю Расеі, таму часу пералёт забірае больш.

«Ёсць зборы, якія звязаныя з выкарыстаннем паветранае прасторы, з пункту гледжання кошту квітка, то ад 50 да 70 адсоткаў якраз залежыць ад авіяцыйнага паліва. Кожную хвіліну, што самалёт застаецца ў паветры, гэта, вядома, уплывае на кошт квітка, які пры канцы ўплывае і на пасажыра, які за гэты квіток плоціць», – тлумачыць наступствы павялічэння маршруту для авіакампаній авіяцыйны эксперт Багдан Далінцэ.

Беларускія тураператары паведамілі пра падвышэнне коштаў на чартарныя рэйсы да Турцыі на 50 долараў. Няўжо Аляксандр Лукашэнка гэткім чынам абараняе фінансавыя інтарэсы беларускіх пасажыраў?

«Раз Украіна закрыла нам пралёт, то мы з Украіны проста не будзем прымаць самалёты. То бок трэба стварыць роўныя ўмовы для нашых самалётаў – «Белавіі» – калі мы гэтым шляхам ляцім, то мы прымусім і іншых гэтым шляхам ляцець да нас у Беларусь», – папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Як да такой ідэі Аляксандра Лукашэнкі ставяцца беларусы, мы запыталіся на вуліцах Менску:

«Пакуль гэта гучыць як бессэнсоўная нейкая пастанова, якая ні да чаго добрага ў выніку не прывядзе, як і шмат якія іншыя пастановы».

«Я логікі ў гэтым не бачу, і нам яе ўвогуле не транслююць».

«Вар’яцкія пастановы ў яго ўсе, яны ніяк з логікаю не звязаныя, іх немагчыма зразумець нармальнаму чалавеку».

«А спадарожнік Ілона Маска яны не збіраліся, я нешта такое таксама чуў… Яны разам з ягоным корышам з Расеі збіраліся».

«Нясвоечасовая, неабгрунтаваная і неабдуманая пастанова, бо гэта падобна да стрэлу сабе куды-небудзь у вельмі мяккае і адчувальнае месца».

Узаемнае закрыццё паветранае прасторы паміж Беларуссю і Украінай пакіне магчымасць перамяшчэння толькі чыгуначным і аўтатранспартам. Раней Менск выкарыстоўваўся авіяпасажырамі з Расеі і Украіны ў якасці транзітнага габу. Цяпер гэтую ролю будуць выконваць іншыя гарады – Варшава, Стамбул або Кішынэў.

«У першую чаргу такія пастановы – гэта пастановы ў плоскасці палітыкі. Бо кожная краіна сама мае права выносіць пастанову дазваляць ці забараняць палёты. А з гледзішча не палітыкі, а бяспекі палётаў для гэтага ёсць адпаведныя органы – ёсць міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі «ІСАО», – лічыць эксперт Багдан Далінцэ.

Супраць каго накіраваныя захады, што анансаваў Лукашэнка, калі ўкраінскія ды еўразвязаўскія самалёты і без таго не лятаюць у Беларусь з 29 траўня? Імаверна, гаворка пра авіялайнеры кампаніяў, што рэалізуюць рэйсы ў Беларусь з трэціх дзяржаваў праз тэрыторыю Украіны. Як, да прыкладу, Турэцкія авіялініі.

«Можна тлумачыць гэта эмацыйнымі рэакцыямі беларускага боку. Ну, і паказваннем такой сваёй брутальнасці на міжнароднай арэне: мы можам рабіць, што заўгодна, і нам нічога не будзе. Але гэтае «нічога» не будзе, яно няпраўда, бо ўжо ёсць», – каментуе сённяшнюю заяву Лукашэнкі палітолаг Андрэй Ягораў.

Напярэдадні ў Вярхоўную Раду Украіны ўнеслі праект пастановы аб спыненні з Беларуссю дыпламатычных дачыненняў і аб непрызнанні вынікаў прэзідэнцкіх выбараў летась 9 жніўня. Яшчэ раней МЗС Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракаментаваць інфармацыю пра візіт у Менск гэтак званай пракуратуры самаабвешчанай ЛНР. Чацверты санкцыйны пакет Еўразвязу – гэтаксама наступствы паветранага пірацтва. У той жа час Беларусь спрабуе адказаць санкцыямі ў адваротны бок.

«Прагматычна – гэта абсалютна абсурдныя дзеянні, якія нічога не вырашаюць для ўнутранай сцэны ў Беларусі, для кантролю палітычнай сітуацыі тут, але яны з’яўляюцца наўпроставым парушэннем міжнародных нормаў і проста пагаршаюць міжнародны імідж Беларусі, які і так дрэнны ў гэтай сітуацыі», – выказваецца Андрэй Ягораў пра спыненне самалёта і затрыманне пасажыраў, якое дало штуршок усім наступным падзеям.

Пакуль Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра чарговыя забароны для іншых краінаў, паводле крыніц «Белсату», кіраўніцтва «Белавіі» ужо другі раз збірае сярод працаўнікоў подпісы пад зваротам у Арганізацыю абʼяднаных нацыяў. У ім авіакампанія скардзіцца на парушэнне правоў і свабодаў, а таксама просіць адмяніць прынятыя ў дачыненні Беларусі абмежаванні.

Ірына Карніенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама