Колькі зарабляюць беларускія медыкі ў пандэмію

Амаль на траціну за 2020-ы год выраслі заробкі лекарам – рапартаваў Белстат. Медработнікі па выніках года мелі Br 1144 рублі налічанымі, лекары – на 700 рублёў больш. Але ці так гэта шмат у параўнанні з суседнімі дзяржавамі?

Напярэдадні Дня медыка дзяржава адкрывае дыскусіі пра праблемы ў медычнай галіне. Эксперты «Белсату» скажуць пра тое, што на гэтых форумах абмяркоўвацца не будзе.

На пачатку пандэміі каронавірусу медыкі не рваліся працаваць з «ковіднымі» пацыентамі. Цяпер бяруцца. Адныя перахварэлі, іншыя прышчапіліся… За працу з інфікаванымі каронавірусам атрымліваюць даплату.

Лекар рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі каментуе:

«Ужо пачынаюцца пералікі, вылічэнні нейкіх паніжаючых каэфіцыентаў, недзе змяншэнне надбавак. Ужо не ўсім плоцяць. Намагаюцца эканоміць на ўсіх этапах, дзе толькі магчыма».

Напярэдадні Дня медыка дзяржава запэўнівае, што надбаўкі за Covid-19 захаваюцца да канца пандэміі. «Белстат» жа падкрэсліў – у першы год змагання з каронавірусам – 2020-ы – на 30 % вырас сярэдні налічаны заробак медыкам і склаў Br 1144. Па выніках красавіка 21-га года – Br 1400.

Рост аплаты працы ў медычнай галіне адзначаў і Аляксандр Лукашэнка – летась у лістападзе:

«Міністр мне даклаў па сярэднім заробку з улікам «ковідных» выплатаў у сістэме аховы здароўя. Гэта тое сёння, што мы хацелі мець на канец пяцігодкі. І для мяне цяпер пытанне, як захаваць гэты ўзровень».

Нават пры такім росце за мінулы год, заробкі беларускіх медыкаў усцяж значна адстаюць ад суседзяў, апроч Украіны, дзе бачым розніцу ў 35 рублёў.

Сярэдні заробак медыкаў (2020):

  • Украіна – Br 1109
  • Беларусь – Br 1144
  • Расея – Br 2986
  • Польшча – Br 3500
  • Літва – Br 6500
  • Латвія – Br 5153
  • Нямеччына – Br 10855

Урачы-спецыялісты зарабляюць у разы больш. Лекар-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі кажа пра новую рэформу ва ўстановах аховы здароўя:

«Літаральна ў апошні месяц сярод нас актыўна прасоўваюць план, што будуць павялічваць прэміі, але зніжаць інтэнсіўнасць працы. То бок надбаўка за інтэнсіўнасць будзе пераходзіць у прэмію. Усё гэта зроблена дзеля таго, каб гэтыя прэміі потым можна было пазбаўляць, і каб гэта больш заўважна біла па гаманцах людзей».

Ад профільнага кіраўніцтва і Аляксандра Лукашэнкі мы чулі зусім іншыя планы па рэфармаванні: павышаць заробкі перадусім лекарам, змяняць на сучаснае – састарэлае абсталяванне, правесці кампанію за здаровы лад жыцця. На справе:

«Тое што робяць беларускія ўлады – намагаюцца як у пенсійнай сістэме, сістэме адукацыі, так званых сацыяльных сектарах захаваць, як Лукашэнка кажа, савецкія інвестыцыі. Тое самае і ў медычнай сістэме. Не звяртаючы ўвагі на тое, што ёсць сучасныя тэхналогіі. Што трэба радыкальна змяніць падыход да фінансавання. Трэба ўсталяваць непасрэдныя кантакты паміж пацыентам і лекарам. Трэба ўводзіць элементы канкурэнцыі», – кажа кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук.

Ня гледзячы на скандальна вядомы судовы разбор, названы ў медыях «справаю медыкаў», у сістэме дзяржзакупаў нічога не змянілася – кажа Яраслаў Раманчук:

«Нічога не зрабілася. Фармацэўтычны рынак застаецца пад жорсткім кантролем. Закупкі медычнага абсталявання таксама. Ёсць аграрныя, а ёсць медычныя бароны. Гэтыя людзі папросту выганяюць з сістэмы добрых лекараў, сумленных»

Паводле міжнароднай арганізацыі Amnesty International, на медыкаў у Беларусі ціснуць за праўду аб праблемах пад час пандэміі, як недахоп абмундзіравання і сапраўдная прычына сконаў. А таксама суды і звальненні лекараў, якія не жадалі «рабіць на паперы» алкаголікаў і наркаманаў з пратэстоўцаў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама