У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі: людзей вінавацяць у тэрарызме, абразе, непадпарадкаванні


У Полацку за абразу прэзідэнта судзяць Святлану Фірсаву. Пракурор просіць два гады пазбаўлення волі за каментар пад відэа з прамоваю Аляксандра Лукашэнкі. У гэты дзень працягваецца таксама разгляд так званай справы Аўтуховіча – з неспадзяванымі абвінавачваннямі. Сумны юбілей – год за кратамі – сёння ў папулярнай беларуская блогеркі, дызайнеркі і маці Вольгі Такарчук.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ паўгода чакаць на маму давядзецца тым, каму яна найбольш патрэбная. На гэтай імпрэзе Вольга Такарчук з дзецьмі – за некалькі дзён перад тым, як трапіла пад варту. Мінуў год, як не аднаўляецца палітычны блог Такарчук, які мае каля дзясяткі тысяч падпісчыкаў. У лістах на волю з калоніі агульнага рэжыму бачым, што Вольга трымаецца бадзёра.

«Апроч таго, каб пабачыць дзяцей, хочацца асабіста сказаць ім, як моцна я іх люблю. Пройдзена 99 % шляху. Застаўся адзін апошні рывок і ўсё! Дзякуй, што чакаеце і любіце! Дзякуй, што прайшлі гэта ўсё са мною! Без вас я б здалася ўжо даўно», – чытаем у адным з лістоў.

Абраза суддзі, паклёп і грубае парушэнне грамадскага парадку – гэта артыкулы, паводле якіх суд пазбавіў жанчыну волі на паўтара года.

У гэты дзень праваабаронцы даведаліся, што зніклы некалькі дзён таму былы палітвязень Арцём Дубскі – у ізалятары на Акрэсціна ў Менску. Яго арыштавалі на 15 содняў.

Алесь Буракоў з ПЦ «Вясна» у Магілёве кажа:

«Калі з ім размаўлялі 12 траўня ў КДБ, даглядалі тэлефон і ўсё астатняе… калі б там нешта знайшлі, ён бы з КДБ ужо не выйшаў. Таму тое, што яму прышылі непадпарадкаванне – цалкам лагічна».

«Белсат» атрымаў здымкі пашкоджанняў, якія 11 траўня Арцёму нанеслі сілавікі на вачах сям’і – падчас затрымання. Цягам 5 дзён сваякам не паведамлялі, дзе ўтрымліваецца зніклы.

Арцём Дубскі з 2011-га года жыў у Польшчы, куды зʼехаў пасля выхаду з калоніі – пасля адбыцця палітычнага тэрміну. Чаму ён паехаў у Асіпавічы і з якіх прычынаў яго маглі затрымаць – праваабаронцы пакуль не раскрываюць.

Не ведаем і канкрэтных прычынаў затрымання дырэктара найстарэйшай бізнес-газеты краіны «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых. Крымінальная справа – «распальванне нацыянальнай варожасці» – здзівіла ягоных калегаў.

Акцыянер газеты «Беларусы і рынак» Зміцер Новікаў кажа:

«Канстанцін – не журналіст. Канстанцін – чалавек, які займаецца абслугоўваннем фірмы. Таму ён не пісаў ніякіх артыкулаў. На гэты момант не магу проста сабе ўявіць, з чым гэта можа быць звязана».

Праваабаронцы сёння шукаюць логіку ў довадах абвінавачання ў так званай справе Аўтуховіча. Працэс над дванаццаццю фігурантамі працягваецца ў гарадзенскай турме.

Адное з абвінавачанняў у «працэсе Аўтуховіча»: «Групоўка Аўтуховіча паводле ўказання ўкраінскіх спецслужбаў рыхтавалася захапіць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Для катаванняў, перадачы атрыманых у іх звестак».

Вось толькі падзеі, у якіх вінавацяць фігурантаў, адбыліся ў кастрычніку 20-га года. Следства настойвала, што былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч і чальцы арганізаванай групы выраблялі запальную сумесь і выбухоўку, здзяйснялі падпалы і ўзрывы маёмасці міліцыянтаў. Адзін з 12-ці, «тэрарыстычны» артыкул прадугледжвае нават смяротнае пакаранне. Ці магчыма, што рэжым прыцягне да вышэйшай кары – спыталіся ў праваабаронцы Рамана Кісляка:

«Для ўладаў маса складанасцяў дадасца, калі яны не дай божа вынесуць вырак з пакараннем у выглядзе смяротнай кары. Гэта прывабіць увагу».

Не толькі беларускіх праваабаронцаў і апазіцыі, але і міжнародных арганізацыяў, якія з 90-х гадоў заклікаюць Беларусь прынамсі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»