Чарговай мішэнню дзяржаўных рэпрэсіяў зрабіўся незалежны кніжны рынак


Падзеі развіваліся ад прыпынення ліцэнзіі шэрагу прыватных выдавецтваў да імавернай таемнай забароны раману Джорджа Оруэла «1984». Чаму менавіта «1984» становіцца прадметам увагі ўладаў, і пра што гэта сведчыць, калі дзяржава палюе на кнігі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Зняць з продажу ўсе варыянты кнігі і пра выкананне далажыць не пазней за 19 мая». Інфармацыя пра такое распараджэнне датычна раману-антыўтопіі «1984» Джорджа Оруэла з’явілася напярэдадні.

Навіну пракаментавала Міністэрства інфармацыі:

«Гэта фэйк, ніхто гэтай кнігі не забараняў і не мог, бо яна не прызнаная экстрэмісцкай альбо яшчэ якой-небудзь шкоднай, каб зняць яе з продажу».

У адных дзяржаўных крамах, у якія мы пазванілі, кніга яшчэ даступная, з іншых знянацку знікла. «Белсат» змог замовіць асобнік Оруэла на сайце «Белкнігі», зрэшты, неўзабаве статус замовы змяніўся на «тавар часова адсутнічае».

«Гэта падобна на нейкі розыгрыш і ўкід, на які павяліся дзяржаўныя выдавецтвы і людзі, якія кантралююць гэта, і зараз здымаюць кнігу, – кажа кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін. – Даходзяць навіны, што рэальна кнігу здымаюць і яе нідзе не купіць. Зараз у Гомлі пацвердзілася ў некалькіх кнігарнях, што яе нельга замовіць».

У дзяржаўным прадпрыемстве «Белкніга» антыўтопія «1984» была адным з самых прадаваных найменняў. Чаму менавіта гэты раман можа стаць для дзяржавы непажаданым?

«Я думаю, гэта выпадковасць, гэта проста тое, што прапагандысты ўбачылі на паліцах, – мяркуе старэйшы эксперт Цэнтру новых ідэяў Генадзь Коршунаў. – З такім жа поспехам гэта магла быць кніга па гісторыі Беларусі альбо платонаўскі “Катлаван”, напрыклад. Проста Оруэла часцей пачалі чытаць, ён папулярызаваўся сам».

У 2020 годзе раман «1984» у беларускім перакладзе выйшаў у прыватным выдавецтве «Янушкевіч». Сёлета 16 траўня кіраўніка выдавецтва Андрэя Янушкевіча затрымалі, калі той адкрываў новую кнігарню выдавецтва «Кнігаўка». Яму і працаўніцы кнігарні Насце Карнацкай прысудзілі 10 і 13 содняў арышту.

«Гэта выглядае на скіраваную, прадуманую аперацыю па вынішчэнні – у дадзеным выпадку проста выманні – усіх сілаў з тых, хто працуе на гэтым рынку», – каментуе Сяргей Будкін.

За апошні месяц чатыры добра вядомыя на рынку незалежныя выдавецтвы – «Галіяфы», «Медысонт», «Кнігазбор» і «Лімарыюс» – былі пазбаўленыя ліцэнзіі і адпраўленыя на пераатэстацыю. Вынік пераатэстацыі непрадказальны.

«Гэта вынішчэнне любых кропак, нават не прастораў, а кропак, якія не падпарадкоўваюцца ўладзе, – адзін момант. Другі момант – гэта страх, страх таго, што беларускае будзе развівацца, будзе расці», – працягвае Генадзь Коршунаў.

Зрэшты, паляванне на кнігі для дзяржавы можа мець адваротны чаканаму эфект. Паводле пісьменніка Альгерда Бахарэвіча, ён адчувае гордасць з нагоды таго, што ягоны раман «Сабакі Еўропы» прызнаны экстрэмісцкім. Пра такі статус твору аўтар даведаўся з дзяржаўнай газеты «СБ. Беларусь сегодня»:

– Безумоўна, ніхто не робіць цяпер лепшай рэкламы для беларускай літаратуры, чым беларускія ўлады. Натуральна, пасля жніўня 2020-га мы ўсе гэта назіраем – вялікі ўздым цікаўнасці да беларускай мовы і літаратуры. Вядома, гэта справа гонару для кожнага беларускага чытача – мець у сваёй бібліятэцы забароненыя кнігі.

З запытаў у Беларускую раду культуры, паводле Сяргея Будкіна, бачна, што сёння інтарэс да матэрыяльнай кнігі ў беларусаў значна вышэйшы, чым быў яшчэ некалькі гадоў таму. Таму чарговая бітва ўладаў ідзе на карысць як Оруэлу, так і літаратуры ў цэлым.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»