Ці будзе суд над Лукашэнкам?


Распачаць крымінальную справу супраць грамадзяніна Беларусі Аляксандра Лукашэнкі – такі пазоў у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе падаў Беларускі жаночы фонд Веранікі Цапкалы.

«У гэтым дакуменце акурат пералічаныя ўсе злачынствы, якія здзейсніў гэты грамадзянін. Гэта перш за ўсё забойства, гвалтоўныя знікненні людзей, дэпартацыя грамадзянаў сваёй краіны, заключэнне ў турму ці жорсткае пазбаўленне фізічнай свабоды, катаванні ды іншыя дзеянні, якія прычыняюць моцныя пакуты або сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні», – тлумачыць Вераніка Цапкала.

Пра яшчэ адзін пакет дакументаў з адлюстраваннем злачынстваў уладаў Беларусі, які сёння перадалі ў Міжнародны крымінальны суд, паведаміў рэжысёр і грамадскі дзеяч Мікалай Халезін у сваім «Фэйсбуку»:

«Гэты кейс грунтуецца на сведчаннях сотняў ахвяраў, а таксама задакументаваных доказах, аўдыявізуальных доказах, расследаваннях «у полі» ды інфармацыі з адкрытых крыніцаў».

Міжнародны крымінальны суд быў створаны ў 2002-м годзе для расследавання, між іншага, і злачынстваў супраць чалавечнасці: катаванняў, забойстваў ды масавых зняволенняў. Але Беларусь статуту не падпісала, пад юрысдыкцыю суда не трапляе, і таму наўрад ці гэтыя справы суд зможа разглядаць, адзначае палітолаг Андрэй Казакевіч:

«Такая спроба хутчэй выглядае як інфармацыйны ход, разлічаны хутчэй на грамадскі рэзананс. Каб сапраўды дамагчыся такога прыцягнення, трэба прайсці яшчэ вельмі доўгі шлях гэтым людзям».

Пакараць вінаватых у гвалце можна і сёння, але не ў міжнародным судзе, а ў судзе адной з еўрапейскіх краінаў – дзякуючы ўніверсальнай юрысдыкцыі. Гэтая міжнародная працэдура дазваляе прыцягваць да адказнасці за незаконныя затрыманні, катаванні, выкраданні ды забойствы людзей, здзейсненыя ў іншай краіне.

«Калі гэтыя злачынствы сістэматычныя, маштабныя і падчас гэтых злачынстваў або забіваюцца людзі або над імі ўчыняюцца здзекі, то гэта дае магчымасць прыцягнуць да такой адказнасці», – кажа юрыст Сяргей Зікрацкі.

Адпаведныя заявы беларусы ўжо падалі ў пракуратуры Літвы і Чэхіі. Чацвёра нямецкіх адвакатаў ад імя дзесяці пацярпелых ад катаванняў беларусаў звярнуліся ў Генпракуратуру Нямеччыны. Распачаць крымінальную справу супраць Лукашэнкі заклікала генеральнага пракурора краіны і Святлана Ціханоўская.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»