Крушэнне самалёту ў Баранавічах


На вачах жыхароў Усходняга мікрараёну Баранавічаў зазнаў катастрофу вучэбна-баявы Як-130 Лідскай штурмавой авіябазы. Як паведаміла Міністэрства абароны, пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць.

«Праяўляючы мужнасць і гераізм, пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункту. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёту знаходзіцца па-за жылымі дамамі, пілоты катапультаваліся, аднак, на жаль, занадта позна. Абодва пілоты загінулі», – паведаміла прэс-сакратар Міністэрства абароны Наталля Гаўрусік.

Палёт выконвалі маёр Андрэй Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Куканенка. 33-гадовы Нічыпарчык – дасведчаны лётчык першага класу: на ЯК-130 ён налятаў больш за 100 гадзінаў, у тым ліку падчас парадаў. У яго засталося трое дзяцей. Ягоны 22-гадовы напарнік Мікіта Куканенка летась скончыў авіяцыйны факультэт Вайсковай акадэміі Беларусі. 4 месяцы таму тэлекампанія «ВоенТВ» зрабіла рэпартаж пра маладога пілота.

«Напрыканцы навучання курсантам я сябе вельмі ўпэўнена адчуваў у самалёце, была аблётанасць, спакойна ведаў, што рабіць. Зараз быў пэўны перапынак – адпачынак, і вось зараз прыйшоў… усё ж рукі ўсё памятаюць», – казаў у рэпартажы Мікіта Куканенка.

На месца здарэння прыехала адмысловая камісія Мінабароны, працавала следча-аператыўная група, дапытвалі відавочцаў.

«Пілоты, мяркую, выканалі сваю працу ад пачатку да канца. Хутчэй за ўсё, падвяла тэхніка», – кажа мясцовы жыхар.

Самалёт упаў на пляцоўцы перад двухпавярховымі дамамі. Наступствы катастрофы зліквідавалі сіламі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў.

«Следчы камітэт распачаў крымінальную справу: парушэнне правілаў палётаў або рыхтавання да іх, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух асобаў», паведаміў Алег Шандаровіч, намеснік старшыні Следчага камітэту.

Мясцовыя жыхары кажуць, што бачылі чатыры летакі, якія, імаверна, рыхтавалася да авіяшоу, што мелася адбыцца на выходных, на Дзень гораду. У сувязі з трагедыяй усе імпрэзы адмянілі.

Вольга Старасціна «Белсат»