Для студэнтаў-платнікаў хочуць увесці абавязковае адпрацоўванне


Чыноўнікі задумаліся пра абавязковае адпрацоўванне для выпускнікоў, якія атрымалі вышэйшую адукацыю за свае грошы. Такая думка прагучала на супольным паседжанні Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі. А як да гэтага ставяцца беларусы?

«Калі б у іх быў выбар, ці ісці на гэтую адпрацоўку, то так»

«Я думаю, гэта не вельмі, таму што ў нас у прынцыпе ў асноўным студэнты ідуць на платнае, каб потым быў выбар. А не тое што іх адпраўляюць у сяло за грашы працаваць»

«Яны мала таго, што аддалі грошы, дык яшчэ і болей аддалі грошай. Навошта?»

«Гэта не патрэбна платнікам. Таму што людзі плоцяць грошы. У мяне сваё меркаванне, кароткае. Я сам бюджэтнік. Я сам будуць адпрацоўваць, але больш нічога не магу сказаць», – лічуць жыхары і госці Віцебску.

Для бюджэтнікаў размеркаванне – гэта ўзнагарода, лічыць намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. У некаторых выпадках платнікі таксама звяртаюцца да камісіі, якая накіроўвае на працу. Міністр адукацыі Ігар Карпенка налічыў каля тысячы такіх асобаў штогод. Таму мяркуе, што статус маладога спецыяліста можна цяпер надаваць і ім. Толькі вось як быць з тымі, хто не пагодзіцца на прапанавАны варыянт працы, дэпутаты ня ведаюць. Адказнасць за зацікаўленасць выпускнікоў прапаноўваюць перакласці на працадаўцу.

«Выпускнік-бюджэтнік заціснуты паміж паншчынай і чыншам. Гэткі гвалтоўны спосаб працаўладкавання – гэта, канечне, анахранізм абсалютны. Цяпер распаўсюдзіць гэты анахранізм на большую колькасць платнікаў давалі праблематычна», – лічыць эксперт Грамадскага Балонскага Камітэту Уладзімір Дунаеў.

Такім чынам улады спрабуюць пераадолець частку эканамічных праблемаў, лічыць кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

«Нават выйсце з крызісу можна забяспечыць толькі праз забеспячэнне дакладных свабодаў, і толькі тады чалавечы рэсурс пачынае працаваць і аддаваць свой рэсурс на пэўных умовах. На жаль, гэта альбо не разумеецца, альбо прынцыпова абіраецца іншая тактыка і стратэгія кіравання чалавечым рэсурсам», – лічыць кандыдатка педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

Адмовіцца ад размеркавання можна. Але каштаваць гэта будзе прыкладна ў пяць разоў больш за суму, пазначаную ў дамове. Сюды таксама не ўваходзіць стыпендыя і матэрыяльная дапамога. Сума ў кожнай установе будзе свая, з улікам каэфіцыентаў, якія ў бухгалтэрыях адрозніваюцца. А гэта ўжо закрытая інфармацыя.

Надзея Бельская, «Белсат»