11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўцёкі ад сілавікоў


Менскі гарадскі суд даў 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму 25-гадоваму інжынеру БНТУ Ціхану Восіпаву. Яго між іншага прызналі вінаватым у замаху на забойства некалькіх вайскоўцаў падчас разгону мірных пратэстаў 11-га жніўня.

Нарадзіліся з розніцаю ў 2 дні. Знаёмыя з пятага класу школы… Вольга і Ціхан Восіпавы разам ужо восем гадоў, 4 з іх – у шлюбе. Разам збіралі пазлы, падарожнічалі, на будучыню Беларусі… глядзелі падобна.

«Памятаю, калі быў каронавірус, кажу «Ціхан, паехалі недзе ў лес, далей ад натоўпаў». Мы паехалі з ім у нейкае поле, пасмажылі каўбаскі. Цяпер фота на сайце вісіць… з таго поля».

Ціхану Восіпаву сёння прысудзілі 11 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў прасіў 12. Вінаватым прызналі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: замах на забойства вайскоўцаў (ч.1 арт. 14 і 362), удзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293) і загадзя ілжывы данос (ч. 1 арт. 400). Толькі ў апошнім – хлуслівым даносе – мянчук прызнаў віну.

Br 1300 рублёў маральнай шкоды прызнаным пацярпелымі сілавікам сям’я Ціхана сплаціла яшчэ да суда.

«Наогул ён 9 месцаў адседзеў дарэмна, ні за што. Таму не магу нічога дадаць. Ціхан ні ў чым не вінаваты. Гэта адназначна», – кажа цешча зняволенага, якая не назвала свайго імя.

11-га жніўня, у адзін з найбольш крывавых паслявыбарчых дзён, Восіпаў кінуў аўтамабіль ля гэтага вадаёму, патэлефанаваў у службу «102» і заявіў пра ўгон.(эф з архіва) Гэтак спрабаваў абараніцца ад магчымых рэпрэсіяў за тое, што на сваім БМВ уцёк з вуліцы Прытыцкага (раён метро Пушкінская), дзе сілавікі білі машыны і людзей, якіх адтуль выцягвалі.

На газ аўтамабілю, які цяпер малююць ягоныя пляменнікі, націснуў, калі пабачыў скіраваны ў свой бок аўтамат супрацоўніка… Пракурор жа цвердзіў – спрабаваў наўмысна наехаць на пяцярых супрацоўнікаў унутраных войск.

Маці асуджанага Святлана Восіпава кажа, што цягам працэсу пераканалася ў невінаватасці сына:

«15 км/г была ягоная хуткасць. То бок ён проста каціўся. Гэта хуткасць ровара. Іншых намераў у яго не было, чым проста пакінуць гэтае страшнае месца і ўсё».

Сямʼя і сведкі падзеяў ад пачатку настойвалі, што пагроза жыццю Ціхана была надзвычай высокая. У апошнім слове малады чалавек звяртаўся да суда:

«З абвінавачаннем пракурора я не згодны. Я лічу, што гэта не правамоцнае – надта суровае пакаранне. (…) Спецыялісты судова-псіхіятрычнай экспертызы распісалі мяне, як станоўчага і адэкватнага чалавека, я ніколі ў жыцці не пайшоў бы на гвалт, а ўжо на забойства кагосьці – тым больш».

Сімвалічна, менавіта сёння палітвязня Аляксандра Троцкага, зняволенага на 10 гадоў праз абвінавачанне таго ж пракурора, перавялі з Менскага СІЗА №1 у Магілёўскую турму №4, яшчэ да апеляцыі… Ня гледзячы на такія выпадкі, сямʼя Восіпава рыхтуецца да перагляду справы, а Вольга – да доўгачаканага спаткання:

«Заўтра пайду на сустрэчу з ім і даведаюся ў яго асабіста… Апошні раз бачыліся ў студзені з ім, размаўлялі. Ён трымаўся і спадзяваўся ж таксама…»

Гэтую каробку Вольга прызначыла на лісты ад мужа і паштоўкі – адна прыгажэйшая за другую і кожная – пра каханне і свабоду.

Вольга піша да мужа, а ў вольную хвіліну – таксама да іншых асобаў, якія трапілі ў падобную жыццёвую сітуацыю.

Юлія Цяльпук, «Белсат»