Лукашэнка: «Мы знясем галаву любому, хто сёння хоча парушыць мір і спакой у нашай краіне»


«У мяне дастаткова сілаў ды сродкаў і тых хлопцаў, якія стануць побач: мы знясем галаву любому, хто сёння хоча парушыць мір і спакой у нашай краіне», – заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў Івана Кубракова.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

– Не цешцеся тым, што ў нас усё добра. Бо мы прыйдзем да таго, ад чаго сышлі з вамі ў 2020 годзе…

– Я гэта выдатна разумею, таварыш прэзідэнт.

– Ну дык вы разбярыцеся са сваімі падначаленымі! Я недарма вас сабраў, упершыню, я падкрэслю, на падобную нараду. Пасля гэтай нарады патрабаванне будзе жорсткае. Мы ўзмоцнім ролю пракуратуры і ўсіх іншых органаў.

Генеральная пракуратура – цяпер галоўны рэпрэсіўны орган рэжыму. Яе кіраўнік Андрэй Швед пасля нарады ў Лукашэнкі заявіў, што фіксуе факты «цяганіны і бяздзейнасці» з боку некаторых ведамстваў у палітычных справах: пракуратура адмяніла каля тысячы рашэнняў аб адмове ў завядзенні крымінальных справаў, прыпыненні і спыненні расследаванняў.

Алег Талерчык, прадстаўнік «BYPOL», тлумачыць:

«Мы не можам не завастрыць увагі на пратэсных артыкулах, якія самыя гэтыя так званыя праваахоўнікі і прыдумалі. У гэтай частцы сапраўды назіраецца рост. Той жа ГУБАЗіК, калі хто забыўся, перад выбарамі 2020 года ўвогуле мусіў быў быць расфармаваны, бо ў Беларусі няма арганізаванай злачыннасці, няма экстрэмізму – ён выдуманы. І тое, што яны робяць апошнія два гады ў гэтым кірунку, пацвярджае тую фікцыю, калі яны прыдумляюць, фальсіфікуюць доказы, выносяць заведама неправасудныя прыгаворы».

Паводле афіцыйных звестак, летась у Беларусі зарэгістраваныя каля 87-мі тысяч злачынстваў, што на 8 адсоткаў меней, чымся ў 2020-ым годзе. Зменшылася колькасць крадзяжоў, зґвалтаванняў і забойстваў. Штопраўда, вырасла колькасць разбояў, рабаванняў і махлярства. Адмыслоўцы кажуць, што гэтая тэндэнцыя можа працягвацца з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Мы запыталі беларусаў, як, на іхную думку, органы ўнутраных справаў у Беларусі ахоўваюць законнасць і правапарадак.

Абсалютная большасць лічыць, што сілавікі занятыя толькі палітычнымі рэпрэсіямі ды іншаю незаконнай актыўнасцю. І толькі два адсоткі апытаных сцвярджаюць, што органы выконваюць свае абавязкі належным чынам.

У той жа момант афіцыйная статыстыка не заўжды адлюстроўвае сапраўднага стану рэчаў, асабліва цяпер, кажа Алег Талерчык. Нават шараговыя міліцыянты на месцы маюць шмат магчымасцяў маніпуляваць звесткамі пра злачынствы ды іх раскрыццё.

«Банальны прыклад: калі ў грамадзянаў знікае мабільны тэлефон, калі яго крадуць, а супрацоўнік міліцыі просіць заяўніка ўказаць, што ён, заяўнік, просіць міліцыю дапамагчы ў пошуку мабільнага тэлефона, які ён згубіў пры нявысветленых абставінах, хоць заяўнік часта наўпростава кажа, што тэлефон у яго скралі. Там, дзе злачыннасць латэнтная, і асобныя віды злачынстваў раскрываюцца цяжка, і калі аператыўнік ці дзяжурны бачыць, што гэта будзе так званы глухар, то ўсімі спосабамі і сродкамі ўгаворваюць, нават запужваюць заяўніка, каб ён не пакідаў заявы ў міліцыі па факце здзейсненага ў дачыненні яго злачынства» – кажа Алег Талерчык.

На фоне такіх метадаў працы ды бесперапынных палітычных рэпрэсіяў у краіне агулам цяжка казаць пра нейкія законнасць і правапарадак. Пэўна, менавіта гэта спрычынілася да факту, што, паводле аналітычнага цэнтру «Намбэёў», Беларусь цяпер займае ў Еўропе першае месца паводле ўзроўню злачыннасці ды апошняе – паводле ўзроўню бяспекі.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»