Лаўроў: «Аперацыя на ўсходзе Украіны скіраваная на поўнае вызваленне Данецкай і Луганскай рэспублік»


Масква абвяшчае новую фазу вайны супраць Украіны і праводзіць наступальныя дзеянні ў Данецкай і Луганскай вобласцях. А ў Генштабе Збройных сілаў Украіны паведамляюць пра вызваленне Мар‘інкі на Данеччыне – акупацыйныя войскі там разбітыя, кантроль над горадам адноўлены.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейцы ўзмацнілі наступ па ўсёй лініі фронту на ўсходзе Украіны. Працягваюцца ракетныя і авіяцыйныя ўдары па цывільных аб‘ектах па ўсёй тэрыторыі. Раней Збройныя сілы Украіны адбілі наступ расейцаў у Рубежным і Папаснай Луганскай вобласці.

«Асноўная мэта дзеянняў праціўніка – разгром падраздзяленняў Збройных сілаў Украіны, кантроль над тэрыторыяй Данецкай і Луганскай вобласцяў ды стварэнне вялізнага калідору на акупаваных тэрыторыях да Рэспублікі Крым», – заявіў прадстаўнік Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік.

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі апублікавала вось гэтую мапу баявых дзеянняў. Паводле брытанцаў, Заходняя групоўка расейскіх войскаў наступае на Ізюм побач з часткова заблакаваным Харкавам, Паўднёвая групоўка спрабуе дзейнічаць з боку Луганску і Данецку і на заблакаваны Марыупаль, куды скіраваныя і войскі з акупаванага Крыму.

Пакінуўшы ў Кіеўскай вобласці тысячы мёртвых салдат і горы спаленай бронетэхнікі, расейцы перагрупаваліся, каб абвесціць новы этап вайны.

«Аперацыя на ўсходзе Украіны скіраваная на поўнае вызваленне Данецкай і Луганскай рэспублік. Пачынаецца наступная фаза гэтай аперацыі, і цяпер будзе вельмі важны момант», – распавёў у інтэрвью тэлеканал «India Today» міністр замежных справаў РФ.

Аднак Сяргей Лаўроў адмовіўся адказваць на пытанне індыйскіх журналістаў «што здарылася з крэйсерам Масква» – патопленым Украінай флагманам Чарнаморскага флоту Расеі. І паслаў іх у Міністэрства абароны.

Сяргей Шайгу, у сваю чаргу, у першым за доўгі час з’яўленні на публіцы ўсклаў віну за гэтую вайну на Амерыку і Захад агулам. Бо яны не даюць хутка завяршыць «спецыяльную аперацыю».

«Рост аб’ёмаў паставак замежнага ўзбраення відавочна дэманструюць іх намеры правакаваць кіеўскі рэжым ваяваць “да апошняга ўкраінца”».

Сёння ж Міністэрства абароны Расеі апублікавала кадры з балістычным ракетным комплексам «Іскандэр», які наносіць удары па тэрыторыі Украіны, ды знішчальнікі-бамбавальнікі Су-34.

А вось так выглядае выкарыстанне звыш-цяжкіх бомбаў у Марыупалі, у раёне заводу «Азоўсталь», дзе ў бункерах разам з украінскімі вайскоўцамі ад расейцаў хаваюцца сотні мірных жыхароў.

Вось што кажуць жыхары Марыупалю, якія жывуць у бункеры «Азоўсталі»:

«Мы стараемся быць не нервнымі. Калі страляюць, то ў нас тут трасецца ўсё».

«Я тут з 3 дзецьмі. Тут умовы не вельмі для дзяцей. Ні вучобы, ні развіцця. Харчаванне невялікае. У дзяцей зубы псавацца пачалі, вітаміна Д не хапае».

«Пазбавілі нас усяго. То дайце нам хоць пажыць трохі. Ладна, мы ва ўзросце. Але хаця б нашы дзеці».

«Пастаянны стрэс, пастаянныя абстрэлы. Ежы застаецца вельмі мала. Нам трэба зялёны калідор».

«Зялёны калідор», то бок сапраўдную магчымасць вывесці з аблогі людзей расейцы не даюць. Усе жыхары акупаванага Марыупалю цяпер праходзяць праз расейскія фільтрацыйныя лагеры, дзе шукаюць тых, хто за Украіну.

Завод »Азоўсталь« на беразе Азоўскага мора – адзіны раён Марыупалю, які яшчэ трымаюць украінцы.

Як заявіў Уладзімір Зяленскі, калі іх знішчаць, то сама магчымасць перамоваў з Масквой будзе ліквідаваная: «Ніводзін з ракетных удараў не змяніў для Расеі сітуацыю неяк прынцыпова. А калі ацэньваць іх усе разам, то выснова такая: гэта стратэгічная бязглуздзіца».

Свет забярэ ў Расеі значна больш, чым Расея знішчыць ва Украіне, дадаў Зяленскі. Кіеў заклікае саюзнікаў як хутчэй дапамагчы і санкцыямі, і ўзбраеннямі.

«Гэтая Расея разбурае, забівае, катуе і гвалтуе. Гэта не тая Расея, якая заслугоўвае сімпатыі і разумення. Спадзяюся, аднойчы мір і бяспека ў Чарнаморскім рэгіёне будуць адноўленыя», – заявіў сёння ў Балгарыі Дмытро Кулэба, міністр замежных справаў Украіны.

А тыя ўзбраенні, што ўжо ёсць, штодня ідуць у бой.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»