«Карагодная справа»: з'явіліся новыя падсудныя пасля больш як паўтара года


Ларыса Яхімовіч, Ірына Кузьмянчук, Кацярына Ярамаева, Віталь Брыцько, Ігар Ляшкевіч, Дзіяна Вашчыліна, Дзмітрый Шамшуры, Дзмітрый Неўмяржыцкі і Людміла Карабалюк, а таксама Леванюк і Клімавец. Адзінаццаць чалавек сталіся новымі фігурантамі гэтак званай карагоднай справы. Яе разглядалі… у Жабінцы. На Людмілу Карабалюк акрамя арт. 342 КК («грубае парушэнне грамадскага парадку») дадаткова завялі справу паводле арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады»).

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Амаль усе суддзі, якія былі ў судзе Маскоўскага раёну, Ленінскага раёну, Берасцейскага раёну, цяпер нават ужо Жабінкаўскага раёну, бралі ўдзел у гэтым працэсе», – зазначае наш журналіст з Берасця Алесь Ляўчук.

Улады намагаюцца задзеяць у палітычнай справе ўсіх суддзяў з Берасця і ваколіцаў, мяркуе журналіст Алесь Ляўчук. Яны пакаралі ўжо 116 чалавек рэальнымі тэрмінамі – ад года гэтак званай хіміі да 20 месяцаў калоніі. Усё за 5-ціхвілінны карагод на скрыжаванні праспекту Машэрава з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі 13 верасня 2020 года.

«Гэта было свята непаслухмянасці. Я лічу, мірны, годны пратэст, які не заслугоўвае крымінальнай адказнасці», – каментуе праваабаронца Раман Кісляк.

Фігурантам справы прыпісваюць артыкул «Парушэнне грамадскага парадку», хоць на кадрах выдатна відаць: небяспеку жыццю і здароўю людзей стваралі міліцыянты, хаатычна ездзячы спецтранспартам наперакор тралейбусам і аўтобусам.

Журналіст Алесь Ляўчук распавядае:

«Людзей палілі з вадамёта, а потым сілавікі пачалі ў дварах збіваць, хапаць людзей, але людзі ўсё роўна сабраліся і пайшлі далей маршам. І праз два тыдні з’явілася «карагодная справа», у якой вельмі шмат прайшло. Больш за 100 чалавек ужо асудзілі. Вялікая колькасць людзей змагла ўцячы за мяжу».

Сярод іх і 24-охгадовая Вікторыя Лысковіч, якую разам з маці адправілі на паўтара года «хіміі». З сакавіка дзяўчына – у Літве: наважылася на рызыкоўныя ўцёкі з папраўчай установы:

«Калі я была ў папраўчай установе, да мяне прыехалі супрацоўнікі КДБ з новаю крымінальнаю справаю, забралі ў мяне тэлефон. Я зразумела, што мне можа штосьці пагражаць, і я вырашыла ратаваць сваё жыццё».

За выказванне думак караюць мірных пратэстоўцаў з зацятасцю і фанатызмам.

«Маніфестацыі, шэсці – гэта законны спосаб выражэння свайго меркавання. Людзі маюць права хадзіць па дарогах, як аўтобусы і тралейбусы ездзяць, так і людзі маюць права хадзіць», – падкрэслівае праваабаронца Раман Кісляк.

Рэпрэсіі ў Беларусі – кожны дзень. У Менску затрымалі Святлану Бычкоўскую і Сяргея Жардзецкага, а 10 чалавек у балаклавах учынілі ператрус у офісе Свабоднага прафсаюзу металістаў. Таксама сёння праваабаронцам стала вядома, што суддзя Сяргей Шаціла адправіў 50-гадовага менчука Аляксандра Сакалоўскага на два гады калоніі ўзмоцненага рэжыму – нібыта за супраціў міліцыянту ў цывільным, які затрымліваў яго ў двары за слухаўкі з Пагоняю.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»