Новыя прысуды ў палітычна матываваных справах: збітага аўтазакам мужчыну адправілі ў калонію


У судзе Цэнтральнага раёну Менску вынеслі прысуд Ягору Сугойдзю. Палітвязня, якога, меркавана, збіў аўтазак, асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Як і прасіў памочнік пракурора Арцём Цвяткоў.

«Пры нашай уладзе дзякуй Богу, што і болей не далі. Гэта ўвогуле несправядлівае абвінавачанне. Як тут ацаніць. Цяпер усе суды, каторыя па такіх справах ідуць у нас, несправядлівыя», – абураецца дзядзька Ягора Вадзім Сугойдзь.

Ягора Сугойдзя прызналі вінаватым ва ўдзеле ў групавых масавых мерапрыемствах. Паводле версіі следства, падчас пратэстаў 9 жніўня ў ваколіцах стэлы ён заскочыў на аўтазак. Пасля інцыдэнту Сугойдзь быў збіты АМАПам і трапіў у шпіталь. Віну Ягор прызнаў часткова: на мітынгу быў, але на МАЗ не заскокваў.

У дадатак да зняволення суддзя Вікторыя Шабуня накіравала Сугойдзя на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

«Ён не алкаш. Ён не п’е так алкаголь, як там указалі», – запэўнівае сябар Ягора Сугойдзя Аляксей.

У судзе Ленінскага раёну Горадні агучылі вырак Ігару Банцэру – паўтара года «хіміі», як і прасіў пракурор Віктар Нічыпарук. Палітвязень, які з 3 сакавіка на знак пратэсту трымаў сухое галадаванне, часова выйшаў на волю, пад падпіску пра нявыезд.

«Дзякуй усім людзям, хто пісаў. Гэта вельмі крута. Незнаёмыя людзі пісалі. Гэта вельмі дапамагае. І сёння, думаю, мне лісты прынясуць, а мяне ўжо там няма. Гэта вельмі крутая тэма. Гэта вельмі важна. Пішыце заўсёды палітычным і не забывайце ўкладваць капэрту. І дзякуй за салідарнасць», – кажа Ігар Банцэр.

Суддзя Наталля Козел прызнала Ігара Банцэра вінаватым у хуліганстве за танец без штаноў перад міліцыянтам падчас акцыі пратэсту 5 верасня 2020 года.

Адбываць тэрмін гарадзенскаму музыку засталося 8 месяцаў, бо кожны дзень з 5 месяцаў у СІЗА залічылі за два.

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску агучылі вырак у справе Святланы Брацянковай. За ўдзел у трох леташніх мірных акцыях мянчанку пакаралі двума гадамі «хіміі». Менавіта такі прысуд запрасіў пракурор Віктар Завадзіч падчас спрэчак бакоў. Суддзя Вольга Няборская прызнала Брацянкову вінаватай ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Святлана сваёй віны не прызнала і збіраецца абскарджваць рашэнне.

«Я хацела проста змагацца з гэтай несправядлівасцю – з тым, што ў нас творыцца ў краіне. Калі я выходзіла, у мяне было адчуванне, што мы ўсё роўна пераможам», – ледзь не плача Святлана Брацянкова.

З ізалятару часовага ўтрымання Менскага раёну на волю пасля 15 содняў арышту выйшаў Ілля Квачэнка,жыхар кварталу «Пірс» пад Менскам, якога пакаралі за тое, што вывесіў на сваім балконе бел-чырвона-белы сцяг.

«Персанал ветлівы. Харчаванне добрае. Шмат цікавых людзей. З 60 чалавек тут былі 10 палітычных, як іх называюць. Займеў новыя знаёмствы», – распавядае пра ўмовы ўтрымання Ілля Квачэнка.

На пачатку сакавіка суд прызнаў Квачэнку вінаватым у адзіночным пікеце. А за тое, што Ілля адмовіўся здымаць нацыянальны сцяг, эвакуявалі ягоную машыну.

«Гэта ўсё, мне падаецца, даволі несправядліва. Але чаго чакаць у нашай краіне з нашымі апошнімі падзеямі і з тым, што закон у нас не выконваецца?» – гневаецца жонка Іллі Валянціна Квачэнка.

«Ён не хадзіў, не біў нікога, не прызываў ні да чаго, не здзяйсняў супрацьпраўных дзеянняў. У яго на балконе быў вывешаны сцяг. Ён выказваў сваю грамадзянскую пазіцыю», – кажа сябар Іллі Квачэнкі Аляксей Арцюхоў.

На пытанне, ці вывесіць сцяг ізноў, Ілля адказаў: «Падумаю». Аднак упэўнена дадаў: «Будзем працягваць нашую барацьбу».

Анастасія Русецкая, Белсат