Распачаўся працэс у справе «нуль праміле»


Працэс у справе «нуль праміле» распачаўся. У 09:45 у суд у кайданках, як асабліва небяспечных злачынцаў, прывезлі журналістку і лекара. Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна ў судовай зале трымалі ў клетцы. Людзі падтрымалі зняволеных апладысментамі.

«Чула, складана было не пачуць. А таксама бачыла ўсіх, хто мог трапіць на судовы працэс, гэта яе таксама падбадзёрыла», – распавёў Міхаіл Баднарчук, адвакат Кацярыны Барысевіч.

«Арцём у добрым настроі духу, выглядае добра. Ці чуў падтрыманне? Вядома, чуў, вядома, ведае! Але добра – гэта таксама адносная рэч, наколькі гэта магчыма ў ягонай сітуацыі», – паведаміла Вольга Бацюк, адвакатка Арцёма Сарокіна.

У залу на 30 месцаў пусцілі адвакатаў, сваякоў, працаўнікоў дзяржаўных медыяў, дыпламатаў і толькі двух калегаў Кацярыны Барысевіч. Неўзабаве суддзя Святлана Бандарэнка на хадайніцтва пракурора Людмілы Іваненкі прыняла рашэнне, што справа будзе слухацца ў закрытым рэжыме.

«Нам толькі зачыталі абвінавачанне, прадставілі прадстаўніка пракуратуры, нашых адвакатаў, пасля хадайніцтва аб закрытасці працэсу – і ўсё, нас выдалілі», – распавёў Павел, брат Арцёма Сарокіна.

Людзі масава падпісвалі скаргу з патрабаваннем зрабіць суд адкрытым.

«Такія працэсы мусяць быць максімальна адкрытымі, і суды павінныя забяспечваць нармальнае асвятленне гэтых працэсаў. Гэта прадугледжана нашым заканадаўствам», – падкрэсліла Марына Золатава, галоўная рэдактарка TUT.BY

Лекара Арцёма Сарокіна і журналістку Кацярыну Барысевіч вінавацяць у разгалошванні медычнай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы. Упершыню паводле такога артыкулу судзяць журналістку ў якасці саўдзельніцы.

«Артыкул «Разгалошванне лекарскай таямніцы» ў прынцыпе ўяўляе сваім аб‘ектам пакуты пацыента або ягоных сваякоў. Сваякі ўжо неаднойчы публічна заяўлялі, што ніякіх прэтэнзіяў не маюць, што гэта было зроблена ў інтарэсах грамадства і самога Рамана», – кажа Людміла Чэкіна, гендырэктарка ТАА «TUT.BY МЕДЫЯ»

Справа ўскалыхнула і грамадскасць.

«Гэта не разгалошванне медычнай таямніцы, а пошукі ісціны».

«Сваякі не супраць разгалошвання, тады якая таямніца?»

«Чаму не зрабіць працэс адкрытым? Нават калі вы сталі судзіць, чаму ўсё закрыта?»

«Народ трэба запалохаць як мага мацней: нягледзячы ні на якія законы».

«Страшна, страшна. Вось вам кажу, а самой таксама страшна – ці мала там нешта…»

«Калі чалавек не быў нецвярозым, як яго можна назваць п’яным?»

Відаць, гэта не лічаць разгалошваннем медычнай таямніцы.

«Ён быў нецвярозы, ёсць заключэнне…», – публічна сцвярджаў Аляксандр Лукашэнка.

Анестэзіёлага і журналістку затрымалі роўна 3 месяцы таму. Арцём Сарокін – лекар найвышэйшай катэгорыі шпіталю хуткай медычнай дапамогі, Кацярына Барысевіч – журналістка TUT.by з 15-гадовым стажам. У сваім артыкуле пра смерць Рамана Бандарэнкі са спасылкаю на медычныя дакументы, словы доктара і дазвол бацькоў забітага Рамана Кацярына напісала пра тое, што маладзён меў у крыві нуль праміле алкаголю. За смеласць падаць праўдзівую інфармацыю лекару і журналістцы пагражае да трох гадоў зняволення.

Вольга Старасціна, «Белсат»