У спісы дадалі 70 прозвішчаў суддзяў, чыноўнікаў і сілавікоў. Новыя санкцыі за рэпрэсіі


Па два гады калоніі агульнага рэжыму для журналістак «Белсату», затрыманых пры выкананні прафесійных абавязкаў. Жорсткі вырак падштурхнуў Злучаныя Штаты Амерыкі ды Вялікую Брытанію паскорыць увядзенне новых нацыянальных санкцыяў.

«Ніхто не застанецца беспакараным, кожны суддзя, кожны пракурор, кожны сілавік, кожны следчы, які браў удзел у гэтых злачынствах, які расследаваў справу Чульцовай і Андрэевай, Каці Барысевіч, Сарокіна, яны ўсе будуць пакараныя», – кажа дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнароднай палітыцы Франак Вячорка.

Гэтак, пад візавыя абмежаванні ЗША трапілі яшчэ 43 асобы, Вялікая Брытанія залучыла ў свой чорны спіс 27 чалавек. Гэта ўжо другі для Амерыкі ды трэці для Брытаніі раўнд візавых санкцыяў. Агулам абедзве дзяржавы пазбавілі права на ўезд амаль дзвесце асобаў. Вялікая Брытанія да таго ж паабяцала замарозіць актывы залучаных у спіс, калі выявіць іх у краіне. Дзярждэпартамент імёнаў не называе, а ў санкцыях Лондану сярод праваахоўнікаў, суддзяў, чыноўнікаў ды працаўнікоў дзяржаўных медыяў – старшыня Белтэлерадыёкампаніі і муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі Іван Эйсмант, міністр інфармацыі Ігар Луцкі, былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, генжпракурор Андрэй Швед, старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Ці слушна?

«

Яны заслугоўваюць, трэба значна больш жорстка з імі. Не ведаю як, але ж хай гэтыя розумы самі прыдумваюць, як».

«Вядома, заслугоўваюць, толькі не горача і не халодна ад гэтага».

«Гэта меншае, што яны заслугоўваюць, таму гэта нашая маленькая нацыянальная радасць, што яны туды патрапілі. Чаму? У нас жа ўсё не даказана, але мы ўсе цудоўна разумеем, што гэтыя людзі рабілі».

Свежыя ў памяці – брутальны разгон дэманстрацыяў і катаванне зняволеных. Толькі за мінулы аўторак па ўсёй Беларусі ГУБАЗіК зладзіў амаль 90 ператрусаў у журналістаў і праваабаронцаў.

«Такое часта бывае з пачаткам перамоваў, калі кожны з бакоў спрабуе набіць сабе цану. Дык вось Лукашэнка перад тым, як перамовы пачнуцца, спрабуе падняць стаўкі, і таму саджае больш людзей, дае ім больш жорсткія тэрміны, каб потым даражэй іх прадаць. Мы ж павінны не дапусціць таго, каб гандаль палітвязнямі адбыўся», – кажа Франак Вячорка.

А ці больш шанцаў пры ўвядзенні эканамічных абмежаванняў?

«У ідэале санкцыі павінны падштурхнуць улады задумацца над тым, што яны робяць. Але праблема ў тым, што сёння Лукашэнку эканоміка ўвогуле не хвалюе. Дзеля ўтрымання ўлады ён гатовы на любыя разбуральныя для эканамічнага развіцця наступствы», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Пры канцы 2020 года Еўразвяз увёў трэці санкцыйны пакет. ЗША прыняў Акт аб дэмакратыі для Беларусі, што дасць падмурак для ўвядзення эканамічных абмежаванняў. Аднак ужо цяпер афіцыйны Менск застаўся без заходніх крэдытаў. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ды Міжнародны валютны фонд спынілі праграмы падтрымання ўраду.

Юлія Лабанава, «Белсат»