3 гады абмежавання волі за акцыю на «плошчы Пераменаў» і іншыя прысуды пятніцы


«Я думаю, што гэтая сістэма проста не прадугледжвае апраўдальнага прысуду, і гэта лішні раз даказвае, што наспела неабходнасць гэткіх вялікіх пераменаў, што адмаўляць гэта бязглузда», – кажа Лявон Халатран.

Суддзя Юлія Блізнюк прызнала вінаватым Лявона за тое, што ён нібыта перакрываў дарогі ў раёне вуліцаў Куйбышава – Машэрава, перашкаджаў транспарту, выкрыкваў лозунгі ды пляскаў у далоні. Паводле таго ж крымінальнага артыкулу вынеслі прысуд і актывістцы «Краіны для жыцця» Вользе Паўлавай – 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Пакаралі Вольгу за акцыю памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў.

«Я наогул не веру. Я настолькі за тры месяцы… Нязвыкла бачыць столькі людзей, і што ярка і светла. Вось насамрэч баляць вочы. Дзяўчаты праводзілі мяне, казалі: «Ты патрэбная нам на волі. Ідзі і раскажы», – распавядае Вольга Паўлава.

Таксама 3 гады «хіміі», але з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу атрымаў актывіст анархісцкага руху з Заслаўя, палітвязень Іван Красоўскі. Падчас першай хвалі паслявыбарчых рэпрэсіяў яго моцна збілі амапаўцы, нейкі час ён мусіў перасоўвацца на вазку.

«Я хачу ў першую чаргу сказаць дзякуй вялікі за падтрымку ў якасці лістоў. Іх была вялікая колькасць. Не толькі мне, але і іншым палітзняволеным, з якімі давялося там сустрэцца. Гэтая падтрымка – адзінае, што ў нас было. І ў мяне была сітуацыя, калі канвойны разарваў усе мае лісты, і для мяне гэта было, мякка кажучы, не вельмі», – выказвае словы падзякі Іван Красоўскі.

А ў Гомлі Дзмітрыю Цімашэнку прысудзілі 2,5 гады калоніі. Паводле следства, ён выбіў тэлефон ды ўдарыў у локаць міліцыянтку Наталлю Сінкевіч на акцыі пратэсту 15 лістапада.

«Калі пракурор на судзе вымавіў фразу «Пакараць асяроддзе», то, магчыма, ён меў на ўвазе, што трэба ўрок паднесці тым, хто выказвае свае меркаванне», – кажа маці Дзмітрыя Вольга ЦІмашэнка.

Трэці дзень працягваецца суд у справе «Белгазпрамбанку». Адвакату Віктара Бабарыкі Дзмітрыю Лаеўскаму адмовілі ў сустрэчах раз на тыдзень.

«Мы працягваем назіраць парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, асабліва дзяржаўнымі СМІ. Мы бачым гэта і ў заявах найвышэйшых службовых асобаў, якія чамусьці лічаць для сабе магчымым задоўга перад прысудам, калі ўсе людзі яшчэ не вінаватыя і могуць і павінныя заставацца невінаватымі, гаварыць пра іх вінаватасць», – распавядае Дзмітрый Лаеўскі.

У Берасці пракурор запрасіў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму для Аляксандра Кардзюкова, які быў побач з Генадзем Шутавым, калі таго смяротна ранілі ў галаву. Аляксандра вінавацяць у замаху на забойства вайскоўца. Прысуд абвесцяць 25 лютага.

Надзея Бельская, «Белсат»