Улады імітуюць народны «ажыятаж» у абмеркаваннях Канстытуцыі, прасоўваючы патрэбныя ім змены


Пра непадробны інтарэс да будучага рэферэндуму аб зменах у Канстытуцыю рапартуюць чыноўнікі ды праўладныя медыі. Абмеркаванне з народам праходзіць у актавых залах раённых адміністрацыяў і проста на працоўных месцах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Самае галоўнае, што ніхто нават не спрабаваў тлумачыць, навошта патрэбная новая Канстытуцыя. Так ніхто не растлумачыў: ні сам Лукашэнка, ніякія чыноўнікі. Падводзячы вынікі, можна сказаць, што нават на імітацыю ўлады не змаглі зарганізавацца», – падкрэслівае палітолаг Валер Карбалевіч.

Даў справаздачу пра актыўны ўдзел беларусаў у абмеркаванні і кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. З ягоных словаў, паступіла звыш 7 тысяч заўвагаў і прапановаў. Праўда, сярод іх ёсць зусім няслушныя, адзначыў чыноўнік:

«Па асобных пазіцыях маюць месцы водгукі крытычнага характару, якія не могуць быць улічаныя. Напрыклад, прапаноўвалася выключыць палажэнне аб УНС, выбудаваць у краіне парламенцкую рэспубліку, лічыць дзяржаўнай у краіне толькі беларускую мову, 30-гадзінны працоўны тыдзень і іншае».

Прапановы ж, на якія звярнулі ўвагу ў канстытуцыйнай камісіі – канкрэтызацыя паўнамоцтваў прэзідэнта ды магчымасць увядзення патрабаванняў да кандыдатаў на гэтую пасаду – не меней за 10 гадоў стажу на дзяржаўнай службе ці досведу кіравання ў арганізацыі.

«Тут усё робіцца для таго, каб абмежаваць магчымасць стаць прэзідэнтам любых людзей па-за сістэмай, любых людзей па-за існым рэжымам, каб улада засталася ў рамках таго самага атачэння Лукашэнкі», – зазначае Валер Карбалевіч.

Аналітыка
«Больш за 400 адкрытых дыялогаў». Беларусы абмяркоўваюць змены ў Канстытуцыю
2022.01.17 07:30

На шматлікія просьбы грамадзянаў ды згодна з ранейшымі заявамі сілавых органаў пра неабходнасць пазбаўляць грамадзянства беглых шкоднікаў дзяржаўнаму ладу з праекту зменаў Канстытуцыі выключаецца частка другая артыкулу 10.

«Гэтая прапанова аб пазбаўленні грамадзянства не адпавядае міжнародным нормам, па-першае, Дэкларацыі правоў чалавека, дзе запісана, што ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства», – падкрэслівае Арцём Праскаловіч, юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Дата рэферэндуму пакуль не прызначаная. Але чакаць чагосьці надзвычайнага, зазначае Валер Карбалевіч, як і пры любых выбарах у Беларусі, – не даводзіцца.

«Засталося асноўнае, прыняць Канстытуцыю, змяніць законы і заканадаўства, прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. Але гэта мы зробім – гэта не праблема», – выказаўся Лукашэнка.

Пакуль не вызначаны дзень правядзення рэферэндуму, падкрэсліваюць у Народным антыкрызісным упраўленні, любыя сустрэчы і агітацыя парушаюць выбарчае заканадаўства і Закон аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Марыля Дакуцька, «Белсат»