Рэжым арганізуе наркатрафік?


Лукашэнка абяцаў Еўропе праблемы, ён і працягвае іх ствараць. І хаця першую гібрыдную атаку рэжыму Еўразвяз збольшага нейтралізаваў, але не выключана, што насоўваецца новая.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле Паўла Латушкі на вясну 2022 года запланаваная новая, больш удасканаленая форма гібрыднай вайны, якая стварае сур’ёзную пагрозу перапраўкі з удзелам мігрантаў наркатычных сродкаў у краіны ЕЗ.

Паводле кіраўніка НАУ, міграцыйны ўдар плануецца ажыццявіць на мяжы Беларусі з Польшчаю ды ў залежнасці ад сітуацыі – з Украінаю.

Рэжым – міжнародная пагроза. І гэта не таямніца. Яшчэ летась у траўні фактычна дзеля затрымання журналіста Рамана Пратасевіча ў Менску прымусова пасадзілі міжнародны рэйс Афіны – Вільня.

Затым грымнуў інспіраваны рэжымам мігранцкі крызіс. Абяцаннем лёгкага шляху праз Беларусь у Еўразвяз падманулі тысячы замежнікаў, многія з іх змучаныя і без сродкаў вярнуліся дадому, некаторыя страцілі самае каштоўнае – жыццё.

У тым ліку каб не губляць аблічча перад клубам дыктатараў, трэба працягваць ціск на Еўропу.

Павел Латушка кажа, што рэжым плануе арганізаваць невялікія групы ўцекачоў, якія маюць досвед баявых дзеянняў і кантрабанды з Афганістану. Іх мэта – змяшацца са звычайнымі мігрантамі ды перанесці на сабе ў Еўразвяз наркотыкі. Доктар палітычных навук Вадзім Валавой кажа, што калі гэта адбудзецца, то еўрапейскія сілавыя структуры пачнуць пра гэта заяўляць. І менавіта такая мэта гэтага ўсяго.

Паводле палітолага, галоўная мэта Лукашэнкі не змянілася: з дапамогаю ціску пасадзіць Захад за стол перамоваў і адкласці ці скасаваць санкцыі. Калі нават рэжыму для гэтага спатрэбіцца заваліць Еўропу наркотыкамі. І гэта ўсё на фоне вялікіх праблемаў з ужываннем забароненых рэчываў у Беларусі ды звышжорсткага спрэчнага так званага наркатычнага артыкулу 328, паводле якога асуджаныя тысячы чалавек. Каментары пад відэа Паўла Латушкі пра магчымы наркатрафік даволі жорсткія, вось некаторыя з іх:

Яўген Бужынскі: «Гэтыя бандыты не будуць грэбаваць нічым. Іх трэба жорстка спыняць пры першай спробе».

timoteys127: «Спадзяюся вас пачуюць нашы еўрапейскія суседзі і распачнуць неабходныя дзеянні для спынення незаконных спробаў пастаўкі наркотыкаў. Папярэджаны, значыць узброены!»

Андрэй Заступнік: «Якія перамовы? Уводзіць самыя жорсткія санкцыі, каго яны шкадуюць?»

Адказнасць за міграцыйны крызіс сусветная грамадскасць усклала на афіцыйны Менск. Калі ж новы віток гэтага крызісу дапоўніцца словам «наркотыкі», гэта будзе сведчыць, што за арганізацыю наркатрафіку фактычна адказвае дзяржава.

Уладзімір Старыковіч, Белсат