Расейскія вайскоўцы дабраліся да Рэчыцы


У Дзяржаўным дэпартаменце ЗША будучыя беларуска-расейскія вучэнні назвалі дэманстрацыяй сілы. Мэтаю псеўдавучэнняў у Вашынгтоне лічаць стварэнне штучных падставаў для крызісу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Прэзідэнт Пуцін стварыў гэты крызіс… У тым ліку і перакідванне расейскіх войскаў у Беларусь для супольных вучэнняў і правядзенне дадатковых вучэнняў на ўсходняй мяжы Украіны. На наш погляд, гэта надзвычай небяспечная сітуацыя. Цяпер мы на тым этапе, калі Расея можа ў любы момант пачаць атаку на Украіну», – заявіла Джэн Сакі.

Афіцыйна паведамляецца пра размяшчэнне расейскіх войсках на наступных палігонах: Абуз-Лясноўскі, Берасцейскі, Гожскі, Асіповіцкі ды Даманаўскі. З нагоды з’яўлення расейскіх вайскоўцаў ля заходняй мяжы Беларусі Літва павысіла ўзровень боегатовасці.

«Пагроза вайны ў Еўропе цяпер, бадай што, самая высокая з 1945 года. Непасрэдная пагроза таго, што можа грымнуць значная або вялікая вайна. Гісторыя кажа нам, што вайсковыя дзеянні не могуць быць абмежаваныя адной краінай», – гаворыць начальнік абароны Літвы Вальдэмарас Рупшыс.

Першы этап расейска-беларускіх манеўраў пройдзе да 9-га лютага. Другі этап – вучэнні «Саюзная рашучасць» – запланаваны на 10-га – 20-га лютага. Афіцыйна мэта вучэнняў – адпрацаваць супрацьстаянне Польшчы, краінам Балтыі ды Украіне. І сапраўды – расейскія вайскоўцы былі заўважаныя і на Гомельшчыне. На чыгуначнай станцыі «Калінкавічы» іх сустракалі хлебам-соллю.

Незалежная арганізацыя Conflict Intelligence Team знайшла расейскія войскі ў тым ліку ў раёне Рэчыцы, адкуль да ўкраінскай мяжы ўсяго 50 км. Украінскі вайскова-палітычны аглядальнік Ігар Леўчанка лічыць, што пры дапамозе гэтак званых вучэнняў Расея хоча прыцягнуць частку ўкраінскіх войскаў да ўкраінска-беларускай мяжы і тым самым паслабіць усходні кірунак Украіны.

«Усё кажа пра тое, што галоўная задача гэтых вучэнняў не адпрацаваць нейкія пытанні ўзаемадзеяння, а стварыць яшчэ адзін участак напружанасці. Заявы Лукашэнкі кажуць пра тое, што яго ўсё болей і болей, больш яўна Расея ўцягвае ў свае вайсковыя авантуры», – кажа Ігар Леўчанка.

Калі ўлічыць, што на мяжы Расеі ды Украіны ўжо і так размяшчаюцца больш за 100 тысяч расейскіх вайскоўцаў, то асцярогі Украіны і краінаў НАТО могуць быць не дарэмныя. У выпадку эскалацыі сітуацыі Захад абяцае дапамагчы Украіне.

«Мы вельмі выразна даем Расеі зразумець, што калі яны яшчэ раз пастановяць ужыць сілу супраць Украіны, гэта дорага абыдзецца Расеі: эканамічныя, палітычныя санкцыі. Саюзнікі з НАТО таксама падтрымліваюць Украіну. Вядома, Украіна мае права на самаабарону, як і любая суверэнная нацыя, але саюзнікі дапамогуць», – каментуе генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен прыляцеў у Кіеў дзеля перамоваў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. У прыярытэце ЗША – пошук дыпламатычнага пераадолення канфлікту і дээскалацыі сітуацыі.

«Цяпер, як заўсёды, украінцам і нікому іншаму вызначаць сваю будучыню і будучыню сваёй краіны… Джо Байдэн хацеў, каб я яшчэ раз падкрэсліў нашу адданасць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны», – заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Ужо ў пятніцу Энтані Блінкен запланаваў сустрэчу ў Жэневе з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым. А да гэтага Блінкен правядзе перамовы ў Нямеччыне.

Ірына Карніенка, «Белсат»